Перад чарговай акцыяй праціўнікаў акумулятарнага заводу ў Берасьці затрыманыя некалькі яе ўдзельнікаў. Як распавёў Свабодзе праваабаронца Раман Кісьляк, паводле яго зьвестак міліцыянты затрымалі 5 чалавек, піша «Радыё Свабода».
«Імёны затрыманых — Дзьмітры Андрасюк, Андрэй, прозьвішча якога ня ведаю, Юлія Зубік, Таццяна Фесікава і Ўладзімер Мароз. Прычым, Фесікаву і Зубік затрымалі яшчэ на падыходзе да плошчы», — распавёў праваабаронца.
Падчас затрыманьня траіх чалавек пасьля акцыі на плошчы людзі спрабавалі перагарадзіць сабой дарогу міліцэйскаму аўтамабілю, крычалі «Ганьба!», аднак супрацоўнікі АМАПу расштурхалі іх.
Затрыманых павезьлі ў Ленінскі РАУС Берасьця. Раман Кісьляк мяркуе, што верагодна там на іх складуць пратаколы і адпусьцяць.
Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода зьбіраюцца ў Берасьці кожную нядзелю. Сёньня на плошчу Леніна ў Берасьці прыйшлі каля 70 чалавек.





