Дарагі Мікалай Васільевіч!

Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) рады вітаць Вас і віншаваць у дзень Вашага 80-годдзя.

Маладым хлопцам вы сталі ў апазіцыю бальшавіцкаму рэжыму. Вы не пабаяліся напісаць праўду самаму высокаму начальству пра здзекі з заходнебеларускіх юнакоў, якіх прызывалі ў Савецкую Армію і адпраўлялі на самую цяжкую і няўдзячную службу. Вы мелі мужнасць выступіць з прапановаю, каб беларускія хлопцы служылі ў Беларусі.

На пачатку 1990-х гадоў Ваша мара ажыццявілася. Маладых беларусаў больш не пасылаюць на Кушку і Курыльскія астравы, у “гарачыя кропкі” ў розных рэгіёнах планеты.

“Антысавецкая прапаганда і агітацыя”, якую вялі Вы і сотні іншых смелых людзей, дала свой плён: камуністычны рэжым перастаў існаваць, Беларусь стала незалежнаю.

Мы ўпэўнены, што ажыццявіцца і Ваша мара, за якую бальшавіцкі рэжым кінуў Вас ў мардоўскія лагеры: Беларусь стане дэмакратычнаю краінаю, працэс прыняцця ўладай рашэнняў стане празрысты, улада будзе адказваць перад народам.

У гэты дзень мы рады падкрэсліць, што Вы, Мікалай Васільевіч, з пачатку 1990-х гадоў звязалі сваё жыццё з жыццём і дзейнасцю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Мы дзякуем Вам за мужнае змаганне, за вернасць прынцыпам сацыял-дэмакратыі.

Пасылаючы Вам прывітанне і віншаванне, жадаем Вам, дарагі наш Мікалай Васільевіч, добрага здароўя, бадзёрага настрою і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

З таварыскім прывітаннем

Анатоль Ляўковіч, Мечаслаў Грыб, Ігар Маслоўскі, Іван Анташкевіч, Анатоль Сідарэвіч, Валеры Фралоў, Анатоль Гнеўка, Міхась Варанец, Аляксандр Падойніцын, Алег Шабетнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0