Дарагі Віктар Цімафеевіч,

у гэты дзень мы, Твае таварышы па партыі, горача віншуем Цябе з 50‑гадовым юбілеем і шлем прывітанне ўсім Тваім родным.

Ты прыйшоў у Беларускую сацыял‑дэмакратычную партыю (Грамаду) у першы дзень Устаноўчага з’езду — 2 сакавіка 1991 года — і з таго часу ўваходзіш у кола самых прыкметных і аўтарытэтных партыйных дзеячаў. Старшыня Пінскай гарадской арганізацыі, сябар Брэсцкага абласнога камітэта, сябар Цэнтральнага Камітэта — вось пасады, на якія выбіралі Цябе таварышы. Грамадзянам горада Пінска Ты вядомы як іх дэпутат у гарадскім Савеце, як праваабаронца, прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта, як рэдактар незалежнай газеты «Мясцовы час».

За вернасць каштоўнасцям сацыял‑дэмакратыі, цвёрдую грамадзянскую пазіцыю ўлада падвяргала і падвяргае Цябе рэпрэсіям, пазбаўляючы права на працу, кідаючы за краты і штрафуючы.

Сваёй настойлівай барацьбой за ажыццяўленне прынцыпаў сацыял‑дэмакратыі Ты даеш прыклад маладым сябрам нашай партыі, падтрымліваеш веру ў тое, што мы пабудуем дэмакратычную сацыяльную прававую Беларусь.

Віншуючы і вітаючы Цябе, мы жадаем Табе, дарагі Віктар Цімафеевіч, добрага здароўя і даўгалецця. Няхай бадзёры настрой і аптымізм ніколі не пакідаюць Цябе.

З таварыскім прывітаннем

Анатоль Ляўковіч, Мечаслаў Грыб, Ігар Маслоўскі, Іван Анташкевіч, Анатоль Сідарэвіч, Валеры Фралоў, Анатоль Гнеўка, Міхась Варанец, Аляксандр Падойніцын, Алег Шабетнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0