25 снежня ў мінскім клубе «Re:Public» ужо ў 12-ы раз пройдзе «Калядны фэст». Традыцыйна на сцэне выступяць найбольш цікавыя гурты сярэднявечнай і фолк-музыкі. Так, наведнікаў імпрэзы сваёй творчасцю парадуюць каманды «Стары Ольса», «Irdorath», «Osimira», «Rokash» і «Znich».

Акрамя таго, зараз ладзіцца галасаванне, па выніках якога абяруць яшчэ адзін гурт — ён таксама выйдзе на сцэну сталічнага клуба 25 снежня.

Арганізатар імпрэзы Віталь Супрановіч тлумачыць: «Ідэя зладзіць конкурс узнікла у мяне, таму што кожны год у нас пыталіся людзі, чаму на «Калядным фэсце» няма новых іменаў. Мы вырашылі выправіць сітуацыю. Фонд «Вяртанне» згадзіўся выступіць партнёрам. У выніку пераможца атрымае магчымасць запісаць 1—2 песні і выступіць на «Калядным фэсце».

Дарэчы, для першага этапу ні стылі, ні мова не абмяжоўвалася. Але канкрэтна абазначалася, што кірунак фэста застаецца ранейшым, бо ў першую чаргу «Калядны фэст» — падзея для ўсіх аматараў беларускай фальклорнай музыкі, якая, у сваю чаргу, была і застаецца візітнай карткай нашай музычнай культуры.

На другім этапе мы звярнуліся да нашых партнёраў, музыкаў, арганізатараў фэстаў, сяброў. Улічваючы іх меркаванні, адабралі 10 гуртоў, якія і прадстаўленыя на галасаванне. Спрэчкі былі гарачымі.

Фінальнае ж слова застаецца за слухачамі.

Паслухаць кампазіцыі прэтэндэнтаў можна тут.

Падтрымаць гурт можна тут.

Галасаванне завершыцца у 22:00 панядзелка 17 снежня, а імя пераможцы назавуць 18 снежня. Менавіта ён і выступіць на «Калядным фэсце» 25 снежня ў клубе «Re:Public»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0