За апошнія пяць гадоў мне давялося дзясяткі разоў чуць ад сваіх сяброў, паплечнікаў, палітыкаў, дыпламатаў: акрамя Лукашэнкі, у Беларусі не засталося перашкодаў для крамлёўскага аншлюса. Цяпер гэтая хваля дасягнула піку. 

Тое, што гэты рэжым сам з дапамогай Крамля 25 гадоў расстаўляў пастку для незалежнасці, забіваў і кідаў у турмы лепшых беларусаў, нішчыў мову, культуру і парасткі грамадзянскай супольнасці, разбураў эканоміку, рабаваў народ, праядаў і раскрадаў нафтагазавую халяву, цяпер не бярэцца ў разлік.

Маўляў, Лукашэнка нарэшце «празрэў» і стаў незалежнікам. Дзяржысь, значыць, Рыгорыч, не здавай нас.

Добра. Гатовы прыняць такі паварот. Толькі пры ўмове, што «гарант» прынясе плод, варты пакаяньня.

— Выступіць са зваротам, дзе шчыра скажа: прабачце, людзі, 25 гадоў вёў вас не туды — каб усе, нарэшце, зразумелі, куды мы ідзем.

— Скасуе ўсе кабальныя дамовы з Расіяй — бо нават ягоны ўрад уголас кажа, што гэта кабала. 

— Адменіць дурацкі «падатак на дармаедства», кантрактную сістэму, скарачэнні пенсійнага стажу — каб вярнуць давер беларусаў да дзяржавы. Людзі не будуць абараняць дзяржаву, якая іх душыць.

— Выпусьціць палітвязняў.

— Падыме бел-чырвона-белы сцяг.

— Адчыніць Беларускі нацыянальны універсітэт

— Перакрые каналы расійскай прапаганды і легалізуе «Белсат», «Хартыю», «Рацыю».

— Падрыхтуецца аплаціць поўную цану за газ альбо купляць і везці энэрганосьбіты з іншых рынкаў.

— Запросіць беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне ўзначаліць войска, гатовае абараняць краіну ад крымскага і данбаскага сцэнару.

— Адменіць абмежаванні для дробнага і сярэдняга бізнесу.

— І нарэшце абвесціць вольныя выбары, у якіх ня будзе прымаць удзел сам.

Вы верыце ў такія дзеянні «гаранта незалежнасці»? Нават калі Масква паставіць ультыматум і запусціць таймер?

Калі не — пара прызнаць: няма ніякіх гарантаў беларускай незалежнасці, акрамя Бога і беларускага народа. Як паказала Ўкраіна, нават «Будапешцкі мемарандум» нічога не гарантуе.

Лукашэнка можа выканаць ролю часовай заглушкі. Але вырашаць, ці быць Беларусі вольнай і незалежнай — нам. Не з яго спытаюцца потым. З нас.

Таму: трэба рыхтавацца браць адказнасць за краіну самім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?