Напрыканцы 2018 года сайт nn.by звяртаў увагу, што адразу дзясятак рэгіянальных суполак сацыяльнай сеткі Укантакце змясцілі на сваіх старонках аднолькавыя апытанні, ці падтрымліваюць іх чытачы ўступленне Беларусі ў склад Расіі.

Найгоршыя паказчыкі былі ў Віцебску. У мясцовых суполках больш за 40% рэспандэнтаў выступілі за аб’яднанне. У Гомелі і Барысаве лічбы прыхільнікаў больш шчыльнай інтэграцыі таксама былі немалымі, але ўсё ж большасць там выступала за захаванне незалежнасці.

Абсалютная большасць мінчукоў і берасцейцаў выступілі за захаванне самастойнасці Беларусі.

Апытанні працягваюць праводзіць і цяпер. Літаральна 9 студзеня такое пытанне задала суполка «Лёзна». Гэта раённы цэнтр на мяжы з Расіяй у Віцебскай вобласці.

Удзел у апытанні ўзяло ўсяго 190 чалавек, але 43% выказаліся за далучэнне да Расіі. Прыхільнікаў незалежнасці набралася толькі 33%. Яшчэ 24% адказалі, што ім усё адно.

Суполка «Тыповы Слонім» дадала да варыянтаў адзін вельмі радыкальны адказ для тых, хто са зброяй у руках гатовы падтрымліваць далучэнне Беларусі да Расіі. Агулам такіх патэнцыйных сепаратыстаў набралася некалькі дзясяткаў (3%). За незалежнасць Беларусі ў слонімскім пабліку выступіла больш за 63%. Агулам прагаласавала 730 чалавек.

Пяцьсот чалавек прагаласавала ў суполцы «Інтрыгі. Лельчыцы». Дзве траціны выступілі за незалежнасць нашай краіны, траціна — за далучэнне да ўсходняй суседкі. Адметна, што ва ўсіх гэтых апытаннях варыянт далучэння да Расіі ідзе акурат першым.

У пабліку «Тыповы Бабруйск» галасы размеркаваліся наступным чынам: 47% за незалежнасць, 42% — за далучэнне. Яшчэ каля 10% не змагла вызначыцца, чаго хоча больш.

Суполка «Рэчыца без цэнзуры» таксама змясціла падобную галасаванку. Амаль 49% апытаных выступілі за Беларусь, 28% - за Расію. Ну і яшчэ вялікая колькасць людзей (23%) вырашыла не падтрымліваць ні адзін з варыянтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?