Былы польскі пасол у Мінску Лешак Шарэпка рэзка выказаўся на адрас Аляксандра Лукашэнкі і беларуска-расійскіх адносін. Частка журналістаў успрымае Лукашэнку адзіным гарантам беларускай незалежнасці і суверэнітэту, а Лукашэнка не гарант, а магільшчык, напісаў Шарэпка. Менавіта шматгадовая палітыка Лукашэнкі спрычынілася да цяперашняй сітуацыі і дала Крамлю падставы для ажыццяўлення такой палітыкі датычна Беларусі, піша былы польскі дыпламат, а цяпер аналітык. Рэцэптам для Беларусі Шарэпка лічыць нядаўні армянскі сцэнар, дзе грамадзяне «мірна нагадалі ўладзе, хто ёсць суверэнам у дзяржаве». Шарэпка лічыць, што такое развіццё падзеяў дазволіць беларусам «змагацца за справядлівыя ўмовы супрацы з Масквою» і дапаможа Украіне. Ён лічыць, што гэтыя пытанні нельга пакідаць на Лукашэнку, але сумняецца, ці здольныя беларусы на армянскі варыянт пратэсту.

Аналізуючы гэтыя разважанні былога амбасадара Польшчы ў Беларусі, неабходна засяродзіцца на чатырох істотных чынніках.

Па-першае, з пункту гледжання логікі параўнанне армянскай і беларускай сітуацыяў ёсць параўнаннем чырвонага з квадратным. Логіка армянскага пратэсту ў красавіку—маі 2018 г. была выклікана найперш і выключна ўнутранымі чыннікамі. Пры гэтым, геапалітычная сітуацыя вакол Арменіі толькі падкрэсліла выключна ўнутраны эфект такога пратэсту.

Тут дастаткова згадаць даволі спакойную рэакцыю расійскага Міністэрства замежных справаў, якое ў сваёй заяве заклікала палітычныя сілы Арменіі да канструктыўнага дыялогу і выказала гатовасць да ўзмацнення супрацы паміж дзвюма краінамі. Іншымі словамі, такое ўспрыняцце армянскіх падзеяў расійскімі уладамі толькі падкрэслівае абмежаванасць геапалітычнага манеўру для Арменіі ва ўмовах тэрытарыяльнага канфлікту з Азербайджанам і гістарычна абумоўленых складаных адносінаў з Турцыяй. Пры гэтым, падчас пратэстаў пытанне існавання Арменіі як незалежнай дзяржавы ніхто ніколі не абмяркоўваў.

Па-другое, у Беларусі геапалітычная сітуацыя зусім іншая і заявы крамлёўскіх палітыкаў маюць наўпроставую праекцыю на пытанне беларускай незалежнасці і суверэнітэту. У адрозненне ад Арменіі, якая з Расіяй не мяжуе, працягласць беларуска-расійскай мяжы складае 1283 км.

У выпадку гіпатэтычнага ўсталявання кантролю над Беларуссю, Расія атрымлівае амаль 400 км беспасярэдняй мяжы з Польшчай у дадатак да ўжо існага кавалку ў Калінінградскай вобласці. Таму падтрымка беларускай незалежнасці мусіць быць ключавым пытаннем бяспекі для Польшчы і краінаў Балтыі. Досвед падзеяў у Грузіі і Ўкраіне паказвае, што Крэмль можа вераломна парушаць тэрытарыяльную цэласнасць сваіх суседзяў. Пры гэтым, дзейная сістэма міжнародных адносінаў ставіць Расію ў прывілеяванае становішча праз наяўнасць сталага месца ў Радзе Бяспекі ААН і значна абмяжоўвае эфектыўнасць міжнародных палітычных санкцыяў. Іншая справа, што ў Беларусі адсутнічаюць нейкія этнічныя канфлікты і тэрытарыяльныя аўтаноміі. Аднак, у пэўных умовах іх адсутнасць наадварот можа заахвоціць крамлёўскіх ястрабаў да ўсталявання кантролю над усёй тэрыторыяй Беларусі, што дэ-факта будзе азначаць ліквідацыю дзяржаўнасці. І тут цяжка не пагадзіцца з Шарэпкам, бо сама наяўнасць крамлёўскай рыторыкі, што наўпрост тычыцца пытанняў незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, ёсць вынікам шматгадовай палітыкі Лукашэнкі.

Па-трэцяе, варта задацца пытаннем, ці змена ўлады ў Арменіі дапамагла гэтай краіне дамагчыся «справядлівых умоваў супрацы» з Масквой?

Адказ на гэтае пытанне відавочны — не! Каб атрымаць такі фармат супрацы ад цяперашніх расійскіх уладаў, трэба альбо геаграфічна быць адносна далёка ад Расіі як, напрыклад, Венгрыя, альбо мець моцную эканоміку накшталт Фінляндыі. На жаль, ні таго, ні іншага Беларусь не мае. Зрэшты, з падобнай праблемай сутыкаюцца і іншыя былыя сацыялістычныя краіны. Гэтую сітуацыю варта праілюстраваць словамі венгерскага прэм’ера Віктара Орбана. Кажучы пра неабходнасць выбудоўвання адаптыўнай і шматграннай палітыкі датычна Расіі, ён праводзіць выразны падзел паміж пытаннямі бяспекі і эканомікай. Пры гэтым Орбан падкрэслівае гістарычна абгрунтаваную неабходнасць дадатковых і падвышаных гарантыяў бяспекі для Польшчы і краінаў Балтыі з боку ЕС і НАТА. Іншымі словамі, той фармат дачыненняў з Расіяй, які можа дазволіць сабе Венгрыя, з'яўляецца недазваляльнай раскошай не толькі для Беларусі, але нават для шэрагу краінаў НАТА.

Па-чацвёртае, наўрад ці рэалізацыя армянскага сцэнару ў Беларусі істотна дапаможа Украіне. Варта разумець, што на гіпатэтычныя пратэсты ў Беларусі Крэмль хутчэй за ўсё адрэагуе не як на армянскія падзеі вясны 2018 г., а як на ўкраінскі Еўрамайдан.

Дадатковую рызыку нясуць ужо існыя ў Беларусі расійскія вайсковыя аб'екты, а таксама фактычная адсутнасць мяжы паміж дзвюма краінамі.

Гіпатэтычны масавы ўвод расійскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі з мэтай вяртання «канстытуцыйнага парадку» будзе азначаць не толькі ліквідацыю беларускага суверэнітэту, але мець наўпроставую небяспеку для Ўкраіны на працягу ўсіх 1084 км беларуска-ўкраінскай мяжы. Нельга таксама забывацца і пра тое, што Лукашэнка заўсёды знаходзіў супольную мову з кожным з украінскіх прэзідэнтаў і прэм’ераў, кім бы той ні быў.

Такім чынам, армянскі сцэнар, прапанаваны беларускаму грамадству Лешкам Шарэпкам у якасці рэцэпту для контрдзеянняў супраць крамлёўскай палітыкі, не толькі не адпавядае цяперашняй беларускай сітуацыі, але нясе яшчэ больш патэнцыйных рызыкаў, вынікам якіх можа быць страта беларускай незалежнасці і суверэнітэту. Гэтая патавая сітуацыя аніяк не азначае рацыю тых, хто сцвярджае, што Лукашэнка ёсць гарантам беларускай незалежнасці. Проста тыя беларускія палітычныя сілы, хто б хацеў узяць на сябе адказнасць за арганізацыю гіпатэтычных пратэстаў супраць дзейных уладаў, мусяць усведамляць увесь магчымы ўзровень небяспекі ад магчымай рэакцыі Крамлю для суверэнітэту Беларусі і быць гатовымі да неадкладных і галоўнае эфектыўных контрзахадаў як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне.

* * *

Кірыл Касцян (нар. 1982) — выпускнік факультэта міжнародных адносін БДУ, доктар права (дысертацыю абараніў у Брэменскім універсітэце, Нямеччына).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?