Курт Энгл и его пляменніца. Фота: @realkurtangle
Пляменніцу знакамітага амерыканскага рэстлера Курта Энгла (Kurt Angle), Марджані Аквіл (Marjani Aquil) удалося выратаваць з палону дзякуючы трансляцыі на Facebook Live. Пра гэта паведамляе The New York Post.
16-гадовую дзяўчыну выкраў з яе дома ў Пенсільваніі былы хлопец, 19-гадовы Джармейн Роджэрс (Jermaine Rodgers). Ён збіў яе, пасадзіў у машыну і звёз.
Джармейн Роджэрс. Фота: Pittsburgh Police
Падчас пошукаў дзяўчыны Энгл апублікаваў на Facebook пост, у якім прасіў высылаць любую інфармацыю пра месцазнаходжанне пляменніцы: «Усіх вітаю. Мая цудоўная 16-гадовая пляменніца Марджані Аквіл была выкрадзена сёння 19-гадовым хлопцам. Калі ласка, патэлефануйце ў паліцыю, калі вы бачылі гэтую дзяўчыну».
«Дзядзька Курт любіць цябе», — напісаў былы прафесійны рэстлер, звяртаючыся да пляменніцы.
Пасля гэтага ананімная крыніца паведаміла паліцыі, што бачыла трансляцыю Facebook Live з удзелам ахвяры і яе выкрадальніка. Дзякуючы гэтаму відэазапісу паліцыя змагла вылічыць месцазнаходжанне Роджэрса і Аквіл.
Пасля вызвалення пляменніцы Энгл падзякаваў падпісчыкам за дапамогу. Ён напісаў, што «сям'я шчыра ўдзячная» усім, хто падзяліўся яго пастом і дапамог у пошуках.
Летась Роджэрс ўжо абвінавачваўся ў выкраданні Аквіл і ўтрымліванні яе ў палоне супраць волі. Дзяўчына знаходзілася ў няволі чатыры дні, дадае Лента.ру.
Суд над выкрадальнікам адбудзецца 28 студзеня.