Дзякуючы Клімчуку евангелісты загаварылі на мове яго роднай вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна. Пераклад даецца ў заходнепалескай спрошчанай транскрыпцыі для таго, каб кожны чалавек мог чытаць тэкст без каментароў так, як яны гучаць у брэсцка-пінскіх гаворках.

Фёдар Клімчук.

Фёдар Клімчук.

Гэта ўжо другое выданне пераклада Новага Запавета Клімчука, гэтым разам поўнае. Ініцыятар публікацыі — праект «Традыцыя» пад кіраўніцтвам Сержука Доўгушава. Грошы на кнігу збіралі краўдфандынгам.

Кандыдат філалагічных навук Фёдар Клімчук быў захоплены таксама гісторыяй, фальклорам і этнаграфіяй не толькі роднага Палесся і Беларусі ў цэлым, але і многіх краін Еўропы. Ён даследваў гісторыю такіх этнічна складаных рэгіёнаў, як Крым, былая Югаславія, Карабах. Першым у Беларусі ён стаў выкарыстоўваць этналінгвістычную метадалогію, распрацаваную акадэмікам Мікітам Талстым. Вялікую частку навуковых даследаванняў Фёдар Данілавіч праводзіў у роднай вёсцы Сіманавічы (10 км на поўнач ад Драгічына) і ў заходнепалескім рэгіёне. За яго плячыма больш за 200 навуковых прац і безліч экспедыцый.

Народныя спевы былі яшчэ адным захапленнем Фёдара Клімчука. Ён ведаў каля тысячы песень на мясцовым дыялекце, на літаратурнай беларускай, на ўкраінскай, рускай і польскай мовах, якім навучыўся ад маці Настассі Андрэеўны Клімчук і ад многіх аднавяскоўцаў.

Для перакладу асноўнай часткі Новага Запавета спатрэбілася больш за 20 гадоў. Сам Фёдар Данілавіч пісаў, як гэта адбывалася: «Звычайна… браўся адзін верш… Тэкст перачытваўся. Затым я ў думках перамяшчаўся ў Палестыну першай паловы І ст. н. э., нібыта станавіўся непасрэдным назіральнікам тых падзей… І распавядаў сваім землякам… што пабачыў. Потым я гэта паведамленне запісваў».

Для перакладу выкарыстоўваў тэксты на беларускай, украінскай, рускай, стараславянскай мовах. Пераклаўшы кавалачак, Фёдар Данілавіч зачытваў яго маці. Калі яна казала: «Не, мы так не гаворым,» — перарабляў. Удакладняў у старэйшых аднавяскоўцаў розныя словы. Казаў, што калі на нейкую мову перакладзеная Біблія, значыць, гэтая мова ніколі не знікне, не забудзецца. Яго праца — спроба захаваць гаворку роднай палескай вёскі на стагоддзі. Дыялекты, на якіх існуе багатая літаратура, ва ўсходнеславянскай традыцыі прынята называць літаратурнымі мікрамовамі, а ў іншых краінах іх называюць рэгіянальнымі мовамі.

Фёдар Клімчук выдаў па-заходнепалеску таксама «Слова пра паход Ігаравы», урыўкі з твораў Гамера, Талстога і Гогаля, перакладаў Шота Руставэлі.

Цалкам або часткова Біблія перакладзеная на паўтары тысячы моў і дыялектаў свету. Цяпер сярод іх — і гаворка вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна.

Набыць «Новый Завіт» можна ў кнігарнях «Акадэмкніга» (Мінск, пр. Незалежнасці, 72) і «Імбрык» (ГЦ «Купалаўскі», павільён № 37). Апошні прапануе таксама дастаўку па ўсім свеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0