Нават не падумаеш, што гэтыя джэнтльмены ў гальштуках былі арганізатарамі падполля. На фота: кіраўнікі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Вялікабрытаніі.

Нават не падумаеш, што гэтыя джэнтльмены ў гальштуках былі арганізатарамі падполля. На фота: кіраўнікі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Вялікабрытаніі.

Місія Адама

1970 год. Грамадзянін Польскай Народнай Рэспублікі, інжынер Томаш Бялінскі наведвае Львоў. Львоў быў Бялінскаму не чужы. Інжынер Бялінскі быў са сталіцы ўкраінскай Галіччыны родам. Больш за тое, ён нават даводзіўся родзічам галоўнаму камандзіру партызанскай Украінскай паўстанцкай арміі (1943—1950) Раману Шухевічу. Але падарожжа ў родныя мясціны не было для Бялінскага настальгічным. У яго былі іншыя, вызначаныя мэты. У Львове Бялінскі сустрэўся з загадчыкам хірургічнага аддзялення мясцовай абласной бальніцы Святаславам Панчышыным.

Інжынер Бялінскі, падпольны псеўданім Адам, выконваў заданне строга заканспіраванай Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў знайсці кандыдатуру на пасаду кіраўніка падпольнай сеткі ва Украінскай ССР.

Звярнуць увагу на Панчышына Адаму рэкамендаваў сябар кіраўніцтва АУН у Вялікабрытаніі і кіраўнік Саюза ўкраінцаў Брытаніі Ілья Дзмітрыў. Ён, уласна, і пазнаёміўся з Бялінскім падчас адной з замежных камандзіровак у канцы 1960-х гадоў.

У часы халоднай вайны амаль уся ўкраінская палітычная эміграцыя ставілася да Савецкага Саюза варожа. Але антысавецкія сілы не былі маналітнымі. Ветэраны вызваленчай барацьбы 1917—1921 гадоў і людзі ліберальна-дэмакратычных перакананняў гуртаваліся вакол Дзяржаўнага цэнтра Украінскай Народнай Рэспублікі ў выгнанні. Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў, у сваю чаргу, была падзеленая на чатыры непрыхільныя адна да адной структуры. Самым радыкальным было згуртаванне «бандэраўцаў» — так званыя Замежныя часткі (ЗЧ) АУН. Іх штаб-кватэра месцілася ў баварскім Мюнхене. Па стане на канец 1960-х у Замежныя часткі ўваходзіла каля 3 000 чалавек, найбольшыя цэнтры ЗЧ АУН дзейнічалі ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і Канадзе. Бандэраўцы працавалі і з нацыяналістамі іншых паняволеных Саветамі нацый у шэрагах Антыбальшавіцкага блока народаў (АБН).

Хірург як падсадная качка

Доктар Панчышын сваёй «аб’ектыўкай» ствараў уражанне чалавека антысавецкага і шчырага патрыёта Украіны. Ягоны дзядзька Мар’ян Панчышын (1882—1943) займаў пасаду міністра аховы здароўя і першага намесніка старшыні ва ўрадзе Украінскай дзяржавы, якую АУН абвясціла 30 чэрвеня 1941-га ў Львове.

Гэты ўрад быў тут жа разагнаны і арыштаваны гітлераўцамі. А кіраўніком таго ўрада быў будучы кіраўнік ЗЧ АУН (1968—1986) Яраслаў Стэцько.

Святаслаў Панчышын, пляменнік міністра Мар’яна, скончыўшы Львоўскую акадэмічную гімназію, у 1943 годзе паехаў вучыцца ў Венскі ўніверсітэт. Калі праз два гады ў сталіцу Аўстрыі прыйшла савецкая акупацыйная адміністрацыя, Панчышына прымусова рэпатрыіравалі на радзіму. З урыўкавых звестак можна зрабіць выснову, што яму давялося нават правесці некаторы час за кратамі. У Львове Панчышын атрымаў спецыяльнасць хірурга-траўматолага.

На прапанову эмісара АУН супрацоўнічаць Святаслаў Панчышын пагадзіўся, атрымаў падпольны псеўданім Дарашэнка, неабходныя інструкцыі. Так пачалася аператыўная гульня пад назвай «Бумеранг», якую органы КГБ УССР і МУС ПНР праводзілі каля 20 гадоў. Панчышын быў агентам КГБ і старанна выконваў сваю ролю падсадной качкі.

Высілкі эмігрантаў — у пясок

Саветы задушылі ўзброеную барацьбу Украінскай паўстанцкай арміі і Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў у сярэдзіне 1950-х гадоў.

Апошняга правадыра АУН і камандзіра УПА Васіля Кука ўзялі ў палон у 1954-м. Перастрэлкі і арышты адзіночных баевікоў-нелегалаў савецкімі сілавікамі здараліся да 1960-х, аднак масавага нацыяналістычнага падполля даўно не існавала.

Але па той бок «жалезнай заслоны» Замежныя часткі АУН не гублялі надзеі раздзьмуць вогнішча барацьбы за незалежнасць на Радзіме.

Менавіта ў імітацыі наяўнасці падполля АУН ва УССР і была галоўная задача аперацыі «Бумеранг».

Такім чынам савецкая бяспека спадзявалася ўсе высілкі ўкраінскай эміграцыі каналізаваць у пясок. Ад імя падкантрольнага дзяржбяспецы Святаслава Панчышына (агент Крылаты) аперацыю вялі 1-е (замежная выведка) і 5-е (барацьба з ідэалагічнымі дыверсіямі) упраўленні КГБ УССР сумесна з МУС камуністычнай Польшчы. Савецкія органы дзяржбяспекі мелі багаты досвед аператыўных гульняў з замежнымі цэнтрамі антысавецкага супраціву, напрыклад: «Трэст», «Сіндыкат» (супраць Белага руху) і «Траса», «Звяно» (супраць украінскіх нацыяналістаў).

Адзіная даступная крыніца матэрыялаў пра «Бумеранг» — строга сакрэтныя дакладныя запіскі КГБ кіраўніку кампартыі Украіны Шчарбіцкаму.

Адзіная даступная крыніца матэрыялаў пра «Бумеранг» — строга сакрэтныя дакладныя запіскі КГБ кіраўніку кампартыі Украіны Шчарбіцкаму.

На жаль, дакументы самой аперацыі «Бумеранг» у архівах СБУ не выяўленыя. Або яны ад пачатку захоўваліся толькі ў Маскве, або іх перавезлі туды, калі Саюз трашчаў па швах. Аднак у галіновым дзяржаўным архіве Службы бяспекі Украіны захаваліся рапарты старшыні КГБ УССР са справаздачамі аб выніках, якія клаліся на стол першаму сакратару кампартыі Украіны Уладзіміру Шчарбіцкаму на працягу ўсёй гэтай аператыўнай гульні.

Гульня пачынаецца

Савецкая дзяржбяспека пачала гульню, як толькі Панчышын выканаў праверачнае заданне, атрыманае ад Адама. Панчышын мусіў перадаць за мяжу матэрыялы савецкай прэсы пра ўкраінскіх дысідэнтаў, у тым ліку Вячаслава Чарнавіла і Ігара Калінца, і сабраць звесткі пра былых байцоў УПА і АУН, якія пражывалі ў Львове.

Чарнавіл у той час разам з Іванам Святлічным стварылі фонд дапамогі палітвязням і выпускалі самвыдат. Грошы ад украінцаў-сімпатызантаў ім даходзілі, але з АУН яны звязаныя не былі.

З тых часоў да «кіраўніка падполля АУН у Львове» Панчышына— Дарашэнкі час ад часу прыязджалі Адам і іншыя эмісары АУН, прывозілі інструкцыі, нелегальную ў СССР літаратуру, фотаапараты, радыёпрымачы і г. д. А наўзамен атрымлівалі фальшывыя звесткі пра савецкі ваенна-прамысловы комплекс, настроі грамадства і перспектывы падпольнай барацьбы супраць рэжыму.

У 1975 годзе Святаслаў Панчышын атрымаў ад кіраўніцтва АУН заданне распаўсюдзіць сетку і на Кіеў. Так у аперацыі «Бумеранг» з’явілася яшчэ адна дзейная асоба — журналіст Юрый Іванчанка (агент Мікалай), якога КГБ падставіў на ролю кіраўніка Кіеўскага апорнага пункта АУН. Маючы рэкамендацыю ад Панчышына як «свядомы ўкраінскі журналіст-патрыёт», Іванчанка наведаў Польшчу, дзе яго прымаў Адам.

Ён перадаў Іванчанку даручэнне наладзіць у сталіцы Украіны выпуск нелегальнай газеты пад назвай «Самостійна Україна». Для гэтага з-за мяжы з «турыстам» пераправілі размнажальную машыну «Рон-270» з усімі неабходнымі для друку прыладамі. Вядома, яе так ніколі і не пусцілі ў дзеянне. Эмісары дабіраліся ва Украіну толькі пару разоў на год, і праверыць факты распаўсюджвання ўлётак ці іншай дзейнасці яны не маглі, таму давяралі майстэрскім справаздачам, якія ім перадаваў Панчышын.

Акрамя Панчышына, у легендаваную Львоўскую групу ўваходзіла таксама агент Аксана, чыё сапраўднае імя пакуль расшыфраваць не ўдалося.

Эфектыўна і дома, і ў гасцях

З дапамогай гэтых падстаўных нацыяналістаў — Панчышына, Іванчанкі і Аксаны — КГБ УССР вадзіў за нос замежных аунаўцаў 20 гадоў, да канца 1980-х. На працягу гэтага часу спецслужбы выманілі ў Польшчу і Украіну і перахапілі больш за 20 эмісараў АУН, якія былі грамадзянамі Вялікабрытаніі, Федэратыўнай Рэспублікі Германіі, Францыі і ЗША.

Напрыклад, 29 мая 1975-га з Панчышыным у Львове сустрэўся Леў Фігаль — школьнік-адзінаццацікласнік з Канады, які наведваў Украіну ў складзе турыстычнай дэлегацыі. Фігаль прывёз схаваныя ў пары туфляў 10 мікраплёнак з матэрыяламі V Вялікага збору АУН, 1 500 савецкіх рублёў (для параўнання: сярэдні заробак ва Украіне тады быў каля 150 рублёў), інструкцыі па новых спосабах сувязі групы Дарашэнкі з замежным кіраўніцтвам і інфармацыяй пра антысавецкія акцыі АУН за мяжой.

Школьнік-адзінаццацікласнік з Канады, які наведваў Украіну ў складзе турыстычнай дэлегацыі, прывёз схаваныя ў пары туфляў грошы і пракламацыі.

Школьнік-адзінаццацікласнік з Канады, які наведваў Украіну ў складзе турыстычнай дэлегацыі, прывёз схаваныя ў пары туфляў грошы і пракламацыі.

У прыватнасці, лідары АУН давалі заданне падрыхтаваць зварот да ўкраінскай эміграцыі ад імя «падполля ў Львове» ў падтрымку ЗЧ АУН і персанальна Яраслава Стэцько.

1 жніўня 1977-га з чарговай порцыяй інструкцый і грошай з Вялікабрытаніі прыбыў эмісар Андрэй Клімчук, студэнт 2-га курса педагагічнага каледжа.

Пры арышце супрацоўнікі КГБ забралі ў яго дзве непраяўленыя фотаплёнкі і схаваныя ў туфлях 10 000 рублёў, а таксама літаратуру і інструкцыі для «ўкраінскіх падпольшчыкаў».

Сярод іх, напрыклад, былі выдадзеныя на Захадзе дакументы Украінскай Хельсінкскай групы, артыкулы расійскіх, польскіх і іншых дысідэнтаў на тэму Украіны.

19 жніўня 1983 года МУС Польшчы арыштаваў у горадзе Бытам эмісара ЗЧ АУН Ірыну Зялёную. А за пяць гадоў у рукі польскай дзяржбяспекі трапіла кур’ерка з Брытаніі Люба Штокала, якая везла новыя інструкцыі для «АУН ва Украіне».

Агенты КГБ гралі ролі падпольшчыкаў АУН настолькі ўпэўнена, што не цураліся сустракацца з вышэйшымі праваднікамі АУН на іх тэрыторыі. У ліпені — жніўні 1975 года агент Мікалай (Юрый Іванчанка) выязджаў у Канаду, дзе ў Манрэалі сустракаўся з кіраўніком службы бяспекі ЗЧ АУН у гэтай краіне — была і такая, украінскія нацыяналісты імкнуліся дзейнічаць сур’ёзна. Праўда, «агента» і легенду пра «падполле ва Украіне» «служба бяспекі» прыняла за чыстую манету.

Са словаў Іванчанкі, яго праінструктавалі, што задачай «падпольнай сеткі» на найбліжэйшыя 5—10 гадоў будзе падрыхтоўка нацыянальнай рэвалюцыі. З гэтай мэтай рэкамендавалі падбіраць новыя кадры для АУН, прапагандаваць ідэі арганізацыі праз распаўсюд улётак, ініцыяваць забастоўкі рабочых і калгаснікаў, пранікаць у савецкую армію, КГБ, партыйныя і дзяржаўныя органы. Немагчыма праверыць, ці гэта праўда, ці куратары Мікалая перабольшылі маштаб задач для стварэння большага эфекту.

Адпраўляючы «падпольшчыка» назад у СССР, кіраўнікі АУН у Канадзе выдалі яму мікрафотаапарат «Мінакс» і арганізацыйную літаратуру.

Халасты ход АУН

Гады ішлі, легендаванае КГБ падполле АУН ва Украіне спрытна імітавала бурную дзейнасць.

За паспяховую «барацьбу супраць рэжыму» Святаслава Панчышына ў 1978 годзе зрабілі кіраўніком усёй «сеткі АУН» ва Украіне. Панчышын і Іванчанка ўдастоіліся Залатога крыжа заслугі і срэбранага медаля імя Бандэры.

Томаш Бялінскі, які, не ведаючы таго, вербаваў у АУН агентаў КГБ, быў за гэта ўзняты да намесніка правадыра ЗЧ АУН Стэцько. Бялінскі так і памрэ ў 1983 годзе, не ведаючы пра ролю Панчышына.

Гарбачоўская перабудова, здавалася, адкрывала яшчэ большыя перспектывы для супрацьрэжымнай барацьбы. У другой палове 1980-х замежны цэнтр патрабаваў ад Панчышына і Іванчанкі інфармацыю пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС і настроі Чарнавіла ды іншых вызваленых палітвязняў, каб прыцягнуць іх у свае шэрагі.

Нечаканая развязка

Аднак нечакана «камінг-аўт» зрабіў сам КГБ. Як гром сярод яснага неба прагучала прэс-канферэнцыя, арганізаваная чэкістамі сумесна з Міністэрствам замежных спраў УССР.

14 верасня 1988-га ў Кастрычніцкім палацы ў самым цэнтры Кіева перад савецкімі і замежнымі журналістамі выступілі галоўныя фігуранты «Бумеранга»: агенты Святаслаў Панчышын, Юрый Іванчанка, кіраўнікі аперацыі палкоўнік Канстанцін Высоцкі (намеснік начальніка 5-га ўпраўлення КДБ УССР) і маёр Аляксандр Мінькевіч (супрацоўнік МУС ПНР), а таксама старшыня рэспубліканскага КГБ Мікалай Галушка.

Прэс-канферэнцыя падстаўных нацыяналістаў. Кіеў, 1988 год. Фота, распаўсюджанае савецкімі інфармацыйнымі агенцтвамі. Злева сядзіць Святаслаў Панчышын.

Прэс-канферэнцыя падстаўных нацыяналістаў. Кіеў, 1988 год. Фота, распаўсюджанае савецкімі інфармацыйнымі агенцтвамі. Злева сядзіць Святаслаў Панчышын.

Яны і распавялі, як фабрыкавалася «падполле АУН ва Украіне». Аказалася, напрыклад, што Томаш Бялінскі (Адам, Стэфан, Яўген) быў пад каўпаком польскіх спецслужбаў яшчэ з 1967 года. Яго дзейнасць праходзіла па аператыўнай справе «Цэнтр».

Дарогі гісторыі непрадказальныя: у 1988-м у Кастрычніцкім палацы (зверху справа) прайшла прэс-канферэнцыя фігурантаў «Бумеранга». А ў 2014-м гэтае месца стане эпіцэнтрам «Рэвалюцыі годнасці». На фота: месца гібелі людзей пад агнём снайпераў. Фота: Shutterstock, Byfotokon.

Дарогі гісторыі непрадказальныя: у 1988-м у Кастрычніцкім палацы (зверху справа) прайшла прэс-канферэнцыя фігурантаў «Бумеранга». А ў 2014-м гэтае месца стане эпіцэнтрам «Рэвалюцыі годнасці». На фота: месца гібелі людзей пад агнём снайпераў. Фота: Shutterstock, Byfotokon.

Дзякуючы гульні «Бумеранг», чэкісты былі падрабязна праінфармаваныя аб планах і намерах АУН, перахоплівалі праграмныя дакументы і пракламацыі.

Вынікам прэс-канферэнцыі стала шырокая кампанія ў савецкіх СМІ. АУН называлі «агентурай заходніх разведак», «дыверсантамі», «экстрэмістамі» і «рэакцыянерамі». Ход аператыўнай камбінацыі для масавага чытача ўзнавілі ў прапагандысцкай брашуры «Халасты ход АУН» (1988).

Прэс-канферэнцыя для сяброў і кіраўніцтва ЗЧ АУН стала шокам. Гэта ж не жарты: амаль 20 гадоў у шэрагах арганізацыі дзейнічалі двайныя агенты! Паводле задумы дзяржбяспекі, гэта павінна было пераканаць эміграцыю ў безвыніковасці спробаў звергнуць савецкі рэжым.

«Мы прыйшлі да высновы, што было б няправільна далей ствараць ілюзіі ў заходніх спецслужбаў, у тых жа цэнтраў АУН, што ў нас ёсць нейкая база для арганізаванай барацьбы супраць нашага ладу», — так патлумачыў матывы КГБ палкоўнік Высоцкі на прэс-канферэнцыі.

Хоць, магчыма, прычына сканчэння аперацыі была іншая. Савецкія спецслужбы маглі ведаць, што кіраўніцтва ЗША разглядае варыянт спынення сакрэтных аперацый ЗША супраць СССР — у якасці сяброўскага жэсту на адрас рэфарматара Міхаіла Гарбачова. Раскрыццё «падполля АУН» яўна магло стаць дадатковым аргументам для такога кроку. Маўляў, толку ад іх дзейнасці і так ніякага. Сапраўды, прэзідэнт Джордж Буш неўзабаве такое рашэнне прыме і ўрадавае фінансаванне цэнтраў украінскай эміграцыі спыніць.

Бумеранг вярнуўся

Між тым СССР заставалася існаваць усяго пару гадоў. А гібель яго прыйшла не ад рамантыкаў-эмігрантаў. Закрытая, несвабодная сістэма згніла знутры. Усёпранікальны КГБ быў няздольны даць рады гэтай хваробе. Урэшце, бумеранг вярнуўся і ўдарыў па тых, што так доўга ім карысталіся.

Юрый Іванчанка, за аперацыю «Бумеранг» узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны», жывы і здаровы.

Юрый Іванчанка, за аперацыю «Бумеранг» узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны», жывы і здаровы.

Святаслаў Панчышын у 1989 годзе пераехаў з Львова ў Кіеў, дзе яго ніхто не ведаў. Ён памёр у 1992 годзе. А Юрый Іванчанка, за аперацыю «Бумеранг» узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны», жывы і здаровы. Ужо ў незалежнай Украіне ён уклаў кнігі пра Запарожскае казацтва, гетмана Івана Мазепу, мітрапаліта Пятра Магілу, аўтара слоў гімна Украіны Паўла Чубінскага. А яшчэ пераклаў на ўкраінскую мову кнігу Мікалая Куна «Легенды і міфы Старажытнай Грэцыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?