Сёння ў Фрунзенскім раёне Мінска мог назіраць цікавую карцінку. 

Ужо другі дзень работнікі камунальных службаў наводзяць парадкі ў падвалах дамоў. 

У тым, што камунальнікі наводзяць парадак, няма нічога дзіўнага. Дзіўна тое, як гэта робіцца. Вось, уздоўж суседняга дома павольным, шпацыровым крокам ідзе грамадка работнікаў. Чалавек восем. Наперадзе, быццам важак у зграі, майстрыца з тэчкай у руках. Яшчэ некалькі чалавек у аранжавых жылетах знаходзяцца ў двары, а некаторыя работнікі не маюць жылетаў — і таму мне цяжка адразу ацаніць іх колькасць.

І вось, няспешнай хадой яны падыходзяць да аднаго з пад’ездаў. Там ужо адчыненыя дзверы падвала. Гэтыя людзі, каля дзясятка чалавек, павінны прыбіраць падвал. Падвал, у якім дзесяці чалавекам цяжка сабрацца, не тое што нешта рабіць. На гадзінніку — 15:01.

Хвілін шэсць-сем рабочыя, сапраўды, не стаяць на месцы. Яны то заходзяць у падвал, то выходзяць, то выносяць адтуль розныя дошкі ды іншыя рэчы, якія жыхары, не зважаючы на абвесткі, не прыбралі з агульных памяшканняў падвала. Што праўда, стаяць яны мусяць — каб прапусціць калегаў, каб размінуцца, каб дачакацца сваёй чаргі прыкласці працоўныя намаганні. Ну і бачна, што не спяшаюцца працаваць, працуюць дужа павольна.

У 15:08 ужо чалавек шэсць-сем проста таўкуцца каля пад’езда. Паляць цыгарэты, нешта абмяркоўваюць, гучна размаўляюць, жартуюць, смяюцца. Весела ў людзей праходзіць працоўны дзень! З кожнай хвілінай гэтая грамада павялічваецца. Я пачынаю лічыць і не веру сваім вачам. Іх — трынаццаць чалавек!

Трынаццаць чалавек, каб прыбраць адзін падвал!

Праходзіць яшчэ некалькі хвілін. З падвала на сметнік выносяцца апошнія старыя дзверы, лыжы і тумбачка. Тады майстрыца з яшчэ двума работнікамі павольна ідуць да дзвярэй іншага пад’езда і… стаяць там, магчыма, набіраюць кагосьці ў дамафон. 

Падобна, хочуць, каб нехта з жыльцоў адчыніў падвал. Калі я ўчора заходзіў у пад’езд, грамадка камунальнікаў была сабраўшыся каля майго пад’езда. Праходжу міма і чую ззаду голас: «Мужчына, ці можаце адчыніць падвал?» Выходзіць, камунальнікі не маюць ключоў ад падвалаў? 

Гэтым разам, нягледзячы на чаканне, патрапіць у падвал ім не ўдалося. У 15:21, пасля дзесяці хвілін марнавання часу, брыгада з трынаццаці чалавек дапальвае цыгарэты, павольна падымаецца і павольна-павольна гэтая працэсія на чале з майстрыцай з тэчкай накіроўваецца ў суседні двор…

Цяпер лічым. На адзін пад’езд трынаццаць чалавек патрацілі дваццаць хвілін. Палову гэтага часу працавалі — ды і то працавалі неэфектыўна, бо ў цесным памяшканні заміналі адзін аднаму, і таксама мусілі болей стаяць чакаць, чым працаваць. Другую палову — сядзелі без справы. 

Па сціплых падліках, на гэтым адным асобна ўзятым падвале камунальнікі ўпустую патрацілі тры чалавека-гадзіны. А гэтае ўсё марнаванне часу аплочваецца з камунальных паслуг, ды з датацый з бюджэту. А колькі часу і грошай траціцца на такую прыборку ва ўсім Мінску?

Дарэчы, частку пешаходных дарожак у нашым квартале пасля снегападу так толкам і не расчысцілі. Калі спытаць у камунальнікаў, то, верагодна, сказалі б, што не хапае часу і людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?