Леанід Канфер.

Леанід Канфер.

Год таму яму паставілі анкалягічны дыягназ — пухліна галаўнога мозгу. Пасьля апэрацыі ў Ізраілі яму давялося перажыць здраду, сыход жонкі з дачкой, страту працы і жытла. Адначасна анкалягічны дыягназ прымусіў 46-гадовага журналіста пераасэнсаваць многія рэчы і паставіць новыя мэты, у тым ліку дакумэнтальны фільм #НАТРИБУКВЫ. Свабода працягвае сачыць за тым, як хворы на рак журналіст вырашыў за год пражыць жыцьцё.

24 студзеня мінуў год, як Леаніду Канферу зрабілі апэрацыю ў Ізраілі. Праз год ён сфармуляваў перавагі, якія дала яму анкалягічная хвароба, і падзяліўся імі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Вось некаторыя зь іх:

  • Мне цяпер не трэба купляць кватэру і ўсё жыцьцё гарбаціцца на іпатэку.
  • Кожнай дзяўчыне, зь якой я сустракаюся, зараз магу абяцаць ажаніцца.
  • Мне ня трэба думаць, як мне ў 60 ці 65 жыць на пэнсію ў 1600 грыўняў.
  • Я не «паруся», як буду выглядаць у свае 80 і ці будзе ў мяне яшчэ лібіда.
  • Мяне перастаў цікавіць мой рост і гушчыня валасоў.
  • Я магу з лёгкасьцю абарваць непрыемную размову рэплікай «давайце вернемся да гэтага пытаньня гадоў праз дваццаць».
  • У мяне зьявілася прывілея гаварыць людзям праўду, хто яны ёсьць на самай справе, а ў іх — ня крыўдзіцца на мяне за гэта.
  • Мяне, нарэшце, пачынаюць шанаваць проста за тое, што я яшчэ ёсьць.
  • На шчасьце, я не дажыву да наступнага прэзыдэнта Расеі. Па-першае, гэты яшчэ ня здохне па законе подласьці, па-другое, наступны будзе яшчэ горш.
  • Я не ўбачу, як кнігі напаткае лёс папяровых газэт.
  • І спадзяюся, не ўбачу, як чарговы галівудзкі рэжысёр паспрабуе зьняць сурагат аб AC/DC.

«У мяне адбыўся рэцыдыў»

Два месяцы таму мы распавядалі пра тое, як Леанід Канфер, журналіст і рэжысэр-дакумэнталіст, які пачынаў кар’еру ў Беларусі ў 1990-я як спэцыяльны карэспандэнт расейскіх тэлеканалаў НТВ, ТВ-6 і ТВЦ, пасьля анкалягічнага дыягназу вырашыў мінусы ператварыць у плюсы і на працягу года рэалізаваць свае мары, на якія раней не хапала часу. Леанід расказвае, што зьмянілася ў ягоным жыцьці за два месяцы.

— У мяне адбыўся рэцыдыў. Рэшткі пухліны, якую не маглі выразаць падчас апэрацыі, пачалі расьці. Стан здароўя пагоршыўся, я стаў хутчэй стамляцца, зьявіўся звон у вушах, стала моцна «штарміць». Лекары думалі, што гэта не адбудзецца так хутка. Гэта крыху зблытала пляны. Лекар, які мяне курыруе, перакананы, што гэта — наўпроставае сьледзтва таго асабістага крызісу, які я перажыў летам і восеньню мінулага году, калі мне здрадзіў любімы чалавек, калі я застаўся без сям’і, без магчымасьці жыць са сваёй дачкой, і мяне выставілі на вуліцу бяз працы, бяз грошай, без нічога. Са сваёй пухлінай я паўтара-два месяцы фізычна проста ня спаў, настолькі быў моцны стрэс. Цяпер галоўная задача — прайсьці апраменьваньне. Яго адкладалі да таго моманту, як не пачне расьці пухліна. Цяпер гэта неабходна зрабіць.

Я вельмі заняты ў вытворчасьці дакумэнтальнага сэрыялу і не магу падвесьці замоўнікаў. Да красавіка я павінен здаць гэтую вялікую працу. У красавіку я думаю паехаць на апраменьваньне ў Ізраіль. На гэта патрэбныя сродкі, пакуль іх яшчэ няма. Так ці інакш неабходны час. Я павінен быў атрымаць дазвол ад лекара на тое, што мне можна чакаць да красавіка. Лекар сказаў, што па тых тэмпах, якія былі па стане на сьнежань, калі рабілі здымак, то гэта рэальна.

Я цяпер свае заняткі спортам крыху спыніў. Мне проста фізычна не хапае сіл і праз загружанасьць на здымках, і таму што мой стан здароўя пагоршыўся. Мне ўвесь час патрэбны адпачынак, я не магу ўвесь дзень знаходзіцца ў рабочым рэжыме.

«Я быў на крок ад суіцыду»

— Нядаўна твае сябры ў сацыяльных сетках сталі сьведкамі непрыемнай гісторыі, што твая былая жонка публічна абвінаваціла, што ты яе зьбіў. Гэта адбылося ўжо пасьля тваёй апэрацыі, калі ты даведаўся пра тое, што яна табе здраджвае. Што адбылося насамрэч?

— Усё проста. Калі табе апарваюць нагу, альбо проста абліваюць кіпнем, ты не гаворыш высакародна: «Калі ласка, будзьце ласкавыя, не маглі б вы мяне больш не абліваць кіпнем». Ты гаворыш тымі словамі, якія ў той момант на языку. Адпаведна нічога добрага ў той момант чалавеку, які мне здрадзіў, я сказаць ня мог. Я гаварыў тымі словамі, якімі гавораць тады, калі табе робяць вельмі балюча. Гэта было ня проста пакіданьне чалавека ў бядзе, гэта было здрадніцтва, здрада. Да таго ж у мяне забралі новую кватэру, якую я купіў. Гэты сыход рыхтаваўся дастаткова даўно і яго не спыніла мая хвароба.

Што тычыцца абвінавачваньняў у тым, што я зьбіў яе. Насамрэч такога не было. Было б вельмі дзіўна вывешваць нейкія фотаздымкі праз 5 месяцаў. Я даў ёй аплявуху, калі я даведаўся пра здраду, пра тое, як гэта было. Я цяпер працую з псыхолягам. Мой псыхоляг сказаў, што ўсё, што перажывае звычайны чалавек у звычайным жыцьці, у маім выпадку, з маёй анкалягічнай хваробай, памнажаецца на дзесяць. Я быў на крок ад суіцыду, і тое, што я яшчэ жывы, гэта вельмі добры вынік. І каб не было ніякага выхлапу, славеснага ці іншага, гэта магло сумна скончыцца для любога з нас. Адбылося тое, што адбылося. У мяне не было ніякага выбару, толькі я перажыЎ гэта. Цяпер мая сямʼя — гэта мая дачка, якая таксама жыве са мной.

«Калі будзе нейкая памылка, я спыню існаваньне як асоба і буду нерухомы яшчэ да таго моманту, як памру»

— Месяц таму ты зьвяртаўся па дапамогу да сяброў і знаёмых, каб аплаціць сучаснае лячэньне ў Ізраілі. Ці патрэбная табе яшчэ дапамога?

— Я не ствараю ўражаньне чалавека, які памірае і мае вялікую патрэбу ў дапамозе. Я абвясьціў збор сродкаў таму, што ў мяне іх няма. Мяне пыталіся, чаму апраменьваньне ў Ізраіле, а не ва Ўкраіне ці недзе яшчэ. Мая пухліна знаходзіцца ў той зоне мозгу, якую нельга апэраваць. Гэтая зона мозгу адказвае за асобу і маторыку ўсяго цела. І калі будзе нейкая памылка, то я спыню існаваньне як асоба і буду нерухомы яшчэ да таго моманту, як памру.

Таму, каб мінімізаваць рызыку, мая сябры, якія курыруюць лячэньне, раяць зьвярнуцца да найлепшых спэцыялістаў у сьвеце, якія займаюцца пухлінамі мозгу. Гэта няпростая пухліна, яна знаходзіцца ў няпростай зоне. Мы абвясьцілі збор сродкаў, сабралі пакуль каля 5 тысяч даляраў. У мяне будуць і свае сродкі, калі я скончу гэты вялікі праект. Тым ня менш гэтае пытаньне яшчэ актуальнае. Цяпер я не пішу «дапамажыце», нікога не падключаю, таму што я разумею, што ёсьць шмат людзей, якім патрэбная дапамога, асабліва дзецям, і мой выпадак ня самы драматычны. Зрабіў адзін раз, а далей як само пойдзе.

«Для мяне гэта місія, як для чалавека, які шмат гадоў працаваў у Расеі»

— Што з тваімі плянамі ў дакумэнтальным кіно. Што ўжо зроблена? Што на падыходзе?

— У нас цяпер у вытворчасьці 8 фільмаў і дзявяты «НАТРИБУКВЫ», які я зьбіраюся дазьняць сёлета і, калі пашанцуе, пасьпею яго сабраць і зрабіць.

Адзін з фільмаў называецца «А што такое любоў?». Ён пра дзяцей, якіх кінулі бацькі, пра дзяцей без дзяцінства, якія жывуць у інтэрнатах, можна сказаць, у дзіцячых турмах.

Гэта аўтарскі фільм, у якім я буду выступаць ня толькі як журналіст, але і як бацька, які вельмі моцна задумаўся над тым, што я магу і што пасьпею даць сваёй дачцэ, якім яна мяне запомніць.

Мая асабістая гісторыя будзе часткай гэтага фільма. Тэма — шырэйшая, яна пра дзяцінства, пра чалавечнасьць, таму што любы фільм, які робіцца, так ці інакш — пра любоў-нелюбоў, пра дабро і зло. Прэс-паказ намечаны на сярэдзіну лютага.

Цяпер мы едзем на здымкі 6-сэрыйнага дакумэнтальнага сэрыялу пра адраджэньне ўкраінскага войска. Для мяне гэта важная тэма ў тым ліку і таму, што я прыехаў ва Ўкраіну з краіны-агрэсара, з Расеі. Я разумею, што ёсьць маса пытаньняў да таго, як забясьпечваецца войска, як праводзіліся ваенныя апэрацыі. Пры ўсім пры гэтым можна сказаць, што раней войска як такога ва Ўкраіне не было, а цяпер яно ёсьць. Уласна пра гэта і будзе гэты сэрыял. Для мяне гэта нейкая місія, як для чалавека, які шмат гадоў прапрацаваў у Расеі. Зрабіць фільм пра ўкраінскае войска — гэта знакавая рэч для мяне. Фактычна, гэта будзе кроніка расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, пачынаючы з крымскіх падзеяў.

Яшчэ адзін фільм — пра томас. Адзін фільм ужо выйшаў сёлета 7 студзеня пасьля таго, як Украіна атрымала томас. Другі фільм мае быць зроблены да канца сакавіка. Ён у большай ступені будзе не пра сам томас, а пра гісторыю барацьбы Ўкраіны за незалежнасьць, у тым ліку і ў царкоўных пытаньнях.

«НАТРИБУКВЫ» — гэта мой галоўны фільм. І ён дапаўняецца новымі сэнсамі, пра якія я нават ня думаў, калі пачынаў. Гэтая гісторыя з хваробай адкрыла ўва мне шмат цікавых рэчаў, пра якія я нават і не падазраваў. У тым ліку ня самых прыемных. Гэта прымусіла мяне вярнуцца ў дзяцінства і зразумець, адкуль гэта ўсё. А дзяцінства — гэта Беларусь і ўсё, што там адбывалася. Гэта фільм пра пакаленьне 40+, маё пакаленьне, якое пасьля перабудовы адчула свабоду, а потым засьпела яе згортваньне ва ўсіх краінах, дзе я жыў і працаваў — у Беларусі і Расеі. Цяпер дадалася асабістая гісторыя, зьвязаная з хваробай, якая няясна наколькі драматычна будзе далей разьвівацца. Я не зьбіраюся вешаць нос. Думаю, што пасьля апраменьваньня я аднаўлюся, зноў пачну займацца спортам і ўсё, што намеціў, так ці інакш зраблю. Цяпер складаны момант з пункту гледжаньня і здароўя, і працы. Трэба пасьпець зрабіць і тое, і іншае, і нікога не падвесьці.

Летась выйшаў найбольш важны для мяне фільм на дадзены момант — «Мая вайна. Два жыцьці Васіля Сьліпака». Ён Беларусьсю пачынаецца і Беларусьсю заканчваецца. Беларусь — важны кавалак маёй асабістай гісторыяй. Беларусь як антысцэнар для Ўкраіны. Фільм пра тое, якой хацела бы бачыць Украіну Расея — падкантрольнай сваёй былой правінцыяй. На прыкладзе маіх сяброў журналістаў мы паказваем, што прайшло цэлае жыцьцё і нічога не памянялася. Пры добрых дарогах і добрых прадуктах няма свабоды і нават няма шанцу на тое, што гэтая свабода зьявіцца. У той час як ва Ўкраіне такі шанец яшчэ ёсьць. Выснова фільма — Сьляпак загінуў за свабоду, за той шанец, які ёсьць ва Ўкраіны, і гэтага шанцу няма ў Беларусі.

Леанід Канфер: рак навучыў простым банальным ісьцінам:

  • Нож у сьпіну больш балюча, чым скальпэлем па галаве.
  • Адпусьціць складаней, чым заваяваць.
  • Помста — адзін з відаў барацьбы за адносіны.
  • Любіць і шкадаваць — розныя рэчы. Часам трэба зрабіць балюча, каб навучыць.
  • У мужчыны вялікімі павінны быць гадзіньнікі, аўто і мазгі.
  • У жанчыны вялікае сэрца лепш, чым вялікая грудзі.
  • Нумары сяброў трэба ведаць напамяць, а не капіяваць з адной тэлефоннай кніжкі ў іншую.
  • Сапраўдны сябар — ня той, хто замучыць цябе пытаньнямі пра пухліну і пажаданьнямі «трымайся», а проста спытае нумар рахунку клінікі і скажа «з Богам, Лёня!»
  • Каханьне — гэта калі табе проста папраўляюць каўнерык, нават калі ён у поўным парадку.
  • Самае страшнае ў жыцьці — ня дрэнныя здымкі МРТ. А прачынацца ў пустой кватэры, дзе цябе чакае толькі пухліна.
  • Уся агрэсія ў гэтым сьвеце — кампэнсацыя нелюбові.
  • Мы становімся лепш толькі затым, каб нашы дзеці не прайшлі праз тое, праз што прыйшлося прайсьці нам.
  • У мяне самыя выдатныя дзеці на сьвеце, дзеля якіх я хрэн памру проста так.
Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?