На Мінскай міжнароднай кніжнай выставе ня будзе скульптуры танка з кніг. Пра гэта Свабодзе расказалі ў Міністэрстве інфармацыі.

Паводле Алены Паўлавай, начальніцы ўпраўленьня выдавецкай і паліграфічнай дзейнасьці, ад ідэі з танкам адмовіўся арганізацыйны камітэт выставы.

«Абмяркоўвалася шмат розных прапановаў, але гэтая не была падтрыманая аргкамітэтам. Вырашылі ўстрымацца», — сказала Свабодзе Паўлава.

Прадстаўніца Міністэрства інфармацыі сказала, што замест танка для выставы падрыхтавалі іншы арт-аб’ект. Гэта будуць вялікія літары «Беларусь», у якіх будуць стаяць кнігі.

«Мы вырашылі, што гэта бліжэй да выставы, да кніг», — сказала Паўлава.

Раней была інфармацыя, што на Менскай кніжнай выставе зьявіцца скульптура танка. Яе зьбіраліся прымеркаваць да 75-годзьдзя вызваленьня Беларусі.

«Мы хочам сабраць мірны танк з кніг. 75 гадоў мы спакойна жывём, творым і ствараем кнігі. Кожны ахвотны можа ўзяць удзел у зборы гэтага танка», — прыводзіла БелТА словы Ігара Бузоўскага, намесьніка міністра інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?