У Слуцку затрымалі маладых людзей, якія тройчы «рабавалі» магазін бытавых тавараў «Востраў чысціні» на вуліцы Тутарынава.
Адзін з хлопцаў — 21-гадовы жыхар Слуцка — раней ужо трапляў у поле зроку міліцыі і быў судзімы. Другі малады чалавек яшчэ вучыцца ў школе, восенню яму будзе 16 гадоў. Ім пагражае да 4-х гадоў пазбаўлення волі.
Першы раз маладыя людзі ўлезлі ў «Востраў чысціні» яшчэ ў канцы 2018 года. У ноч на 24 лістапада яны вынеслі з крамы сейф. Пабітыя шыбы ў вокнах будынка ўбачылі прадаўцы крамы, якія раніцай прыйшлі на працу, і выклікалі міліцыю. Папярэдні ўрон склаў больш за 1000 рублёў.
Магазін не быў абсталяваны сігналізацыяй і камерамі відэаназірання, таксама на вокнах адсутнічалі краты. Пра гэта ведаў 21-гадовы падазраваны, які жыў непадалёк. Менавіта ён прапанаваў свайму таварышу абкрасці «Востраў чысціні».
Распачалі крымінальную справу.
Другі раз «Востраў чысціні» абакралі таксама ў канцы мінулага года. Тады, як пазней высветлілі следчыя, у краму ўлез толькі 21-гадовы хлопец. Ён разбіў акно і вынес з крамы бытавыя тавары.
Трэці раз абкрасці «Востраў чысціні» маладыя людзі адправіліся ўдваіх у ноч на 9 студзеня. Тавар, які ім удалося вынесці (туалетную ваду, напрыклад), захоўваў у сябе дома старэйшы таварыш.
Сёе-тое з крадзенага хлопцы падарылі бацькам, астатняе — раздалі блізкім знаёмым і сябрам.





