Акруговы суд Кіева часова забараніў Ульяне Супрун выконваць абавязкі міністра аховы здароўя з-за таго, што яна мае падвойнае грамадзянства і больш за месяц з'яўляецца выконваючай абавязкі. Такім чынам суд задаволіў пазоў дэпутата «Радыкальнай партыі» Ігара Масійчука.

Ульяна Супрун. Фота: 5.ua.

Ульяна Супрун. Фота: 5.ua.

«Суд улічыў довады пазоўніка аб тым, што ў 2015 годзе Супрун Ульяна Надзея атрымала грамадзянства Украіны і адначасова да гэтага часу знаходзіцца ў замежным грамадзянстве (грамадзянства ЗША), у той час як у адпаведнасці з Законам Украіны «Аб грамадзянстве Украіны» ва Украіне існуе адзінае грамадзянства», — гаворыцца ў паведамленні.

У сваю чаргу кабінет міністраў і прэзідэнт краіны Парашэнка сталі на бок Супрун.

Па словах Парашэнкі, ён цалкам падтрымлівае Супрун.

«Спадарыня Супрун мае поўную падтрымку прэзідэнта Украіны. Цаню, што мы разам зрабілі для медыцынскай рэформы, у тым ліку, рэформы сельскай медыцыны. Грамадзянства — гэта адказнасць прэзідэнта», — заявіў Парашэнка.

Парашэнка дадаў, што рэфармаваны Вярхоўны Суд знойдзе праўду ў гэтай гісторыі.

Супрун нарадзілася ў ЗША ў сям'і выхадцаў з Украіны. У 2015 годзе Парашэнка даў ёй ўкраінскае грамадзянства, а з 2016 года яна выконвала абавязкі міністра аховы здароўя Украіны. Супрун вядомая ва Украіне як адзін з самых радыкальных і рашучых рэфарматараў у кабінеце міністраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?