Да канца 2022 года Польшча нарэшце стане незалежнай ад паставак газу з Расіі, паведаміў упаўнаважаны польскага ўрада па справах стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры.
Новы газаправод Baltic Pipe.
Пётр Наімскі (Piotr Naimski) нагадаў, што менавіта тады ў Польшчы закончыцца абавязак куплі «блакітнага паліва» ў Расіі й з'явяцца новыя магчымасці:
— Па-першае, гаворка ідзе пра Baltic Pipe — газаправод, які па дне Балтыйскага мора й праз тэрыторыю Даніі будзе пастаўляць газ з Нарвегіі ў Польшчу. На Паўночным моры інвестуе нафта-газавы канцэрн PGNiG. Таму з 2022 году частка газу, якую будзе атрымліваць Польшча, будзе здабытая й пераапрацаваная менавіта польскім канцэрнам. Доўгатэрміновая дамова на пастаўкі газу з канцэрнам «Газпром» заканчваецца напрыканцы 2022 года. Польская энергетычная стратэгія не прадугледжвае прадаўжэння гэтай дамовы.
На дыверсіфікацыю крыніц паставак газу павінны паўплываць таксама новыя кантракты на пастаўкі звадкаванага газу з ЗША і Катара.





