Алесь Аркуш.

Алесь Аркуш.

«Набываць заходнія вінілавыя кружэлкі я пачаў у 17-гадовым узросце, калі вучыўся ў Жодзінскім палітэхнікуме. Добра памятаю першую сур'ёзную пакупку: альбом «Queen II». Купіў пласцінку за 50 рублёў, прытым што стыпендыя складала 30 рублёў. Менавіта тыя гурты і альбомы, якія трапілі да мяне ў маладосці, па сённяшні дзень самыя дарагія і любімыя. Што гэта былі за гурты? Pink Floyd, Led Zeppelin, Queen, Black Sabbath, Deep Purple, Nazareth, Uriah Heep, Electric Light Orchestra, Fleetwood Mac, Bad Company, Suzi Quatro, Rod Stewart, Kate Bush…» — расказвае Алесь.

Пасля гэтага хлопец пайшоў служыць у войска і раздаў частку сваёй калекцыі знаёмым. Захапленне абудзілася ўжо падчас навучання ў наргасе, але пры пераездзе ў Полацк з Жодзіна Алесь разбіў у прайгравальніку страбаскоп.

Самыя каштоўныя пласцінкі.

Самыя каштоўныя пласцінкі.

«На гэтым маё «філафаніцтва» пачало чахнуць. Калонкі я аддаў полацкаму гурту «Мясцовы час». Кружэлкі і апарат вярнуліся ў Жодзіна. І нічога не прадвесціла, што захапленне юнацтва да мяне можа вярнуцца. Але ў 2010-м годзе я пачаў пісаць свой першы раман «Палімпсэст». Ён якраз пра той час — гады маладосці. Каб абудзіць памяць, я купіў на польскім allegro.pl некалькі кружэлак з маёй самай ранняй калекцыі. Затым яшчэ некалькі. Затым яшчэ. А выйсці з гэтага віру ўжо не здолеў».

Спачатку Алесь сабраў калекцыю асноўнай класікі, а пасля пачаў паляваць на гурты, якія не дасягнулі фінансавага поспеху і запісалі ўсяго 1—2 альбомы.

«Ёсць у мяне і вельмі рэдкія кружэлкі, пераважна з 60-х гадоў. Напрыклад, альбом «At Home» (1969) гурта Shocking Blue. Рэдкія выданні альбомаў The Beatles з розных экзатычных краін, напрыклад з Філіпін».

Нешта мужчына набывае ў польскіх крамах праз allegro.pl. Час ад часу бацьку радуе кружэлкамі з-за мяжы старэйшы сын Антон.

Малая частка калекцыі.

Малая частка калекцыі.

«Пры маёй найноўшай фазе захаплення я ўжо змяніў трэці апарат. Цяпер у мяне прайгравальнік Sherwood, узмацняльнік Nakamichi, калонкі Нitachi. Класічныя, старыя філафаністы любяць старую японскую тэхніку. Хоць сёння выпускаецца і новая, але па ёй бачна, што яна кітайская. Нейкі час побач з маім домам у Полацку працавала крамка, дзе можна было купіць старую тэхніку і кружэлкі. Але яна пратрымалася ўсяго недзе год. А вось у Польшчы вінілавыя кружэлкі з трыумфам вяртаюцца. Яны ўжо нават пачалі прадавацца ў супермаркетах», — дзеліцца падрабязнасцямі калекцыянер.

Калі Алесь сабраў першую тысячу кружэлак, то падумаў, што стаў «вінілавым каралём» Віцебскай вобласці. Але хутка гэта «каралеўства» прайшло: нават у суседнім доме з Алесем жыве мужчына, які назбіраў ужо 3400 кружэлак. Праўда, афішаваць гэта ён не хоча.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?