Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

Пра выбар шампуню

У свеце існуе два віды дзяўчат: адны сцвярджаюць, што мыць валасы можна хоць кожны дзень, іншыя запэўніваюць, што чым радзей вы гэта робіце, тым лепш. На самай справе, мыць валасы неабходна па меры іх забруджвання. Няма пэўнага правіла або агульнапрынятай нормы, пад якую трэба падладжвацца.

Да прыкладу, дзяўчаты з тлустым тыпам валасоў могуць мыць галаву кожны дзень або праз дзень, паколькі карані валасоў хутка тлусцеюць. А дзяўчыны з сухім тыпам — прыкладна раз на 5—7 дзён. Таму разумна будзе сачыць за чысцінёй валасоў, выкарыстоўваючы найбольш прыдатны шампунь.

Як жа выбраць якасны шампунь? Існуе некалькі простых правілаў:

  • выбірайце шампунь па тыпу скуры галавы, паколькі стан валасоў залежыць ад працы тлушчавых залоз і валасяных фалікулаў (маскі, бальзамы таксама выбіраем па тыпу валасоў);
  • абавязкова звяртайце ўвагу на pH шампуня: напрыклад, pH тлустага тыпу скуры галавы складае 7—7,2 (шампунь павінен мець pH 3,2—3,5), а сухога — 2—3 (шампунь павінен мець pH 6);
  • ўважліва вывучайце склад сродку: парабены, сульфаты, сіліконы могуць стаць прычынай скурнага свербу галавы, справакаваць з'яўленне перхаці.

Калі вам даводзіцца мыць галаву штодня, купіце шампунь для штодзённага выкарыстання з нейтральным паказчыкам pH. Яго можна чаргаваць са сродкам для глыбокага ачышчэння скуры галавы.

Аднак не ўскладайце на шампунь занадта вялікіх надзей. Яго галоўная задача заключаецца ў ачышчэнні скуры галавы ад тлушчу, арагавелых клетак, пылу, лішку перхаці. Ні адзін шампунь не здольны павялічыць гушчыню валасоў, прымусіць расці іх хутчэй, цалкам ліквідаваць перхаць ці спыніць выпадзенне. Усе гэтыя працэсы абумоўлены генетычным фактарам або сігналізуюць аб наяўнасці захворванняў, якія неабходна лячыць не толькі ў трыхолага.

Справа ў тым, што ўсё залежыць ад працы валасяных фалікулаў. Валасы могуць расці хутчэй, калі іх стымуляваць. Гэта можна зрабіць пры дапамозе масажных працэдур. Актыўна выпадаюць яны, калі фалікулы пераходзяць у «зацяжную» фазу адпачынку, і на гэта ёсць свае прычыны. У норме штодня мы можам губляць ад 50 да 100 валасоў.

Пра мыццё галавы і валасоў

Здавалася б, усе ведаюць, як мыць валасы, але, як паказвае мой асабісты досвед, многія робяць гэта няправільна. Мыць галаву неабходна крыху цёплай вадой ці вадой пакаёвай тэмпературы. Гарачая актывізуе працу тлушчавых залоз, у выніку чаго валасы ля каранёў тлусцеюць значна хутчэй.

Шампунь наносіцца лёгкімі, масажны рухамі выключна на прыкаранёвую зону. Перад гэтым яго неабходна злёгку расцерці ў далонях, а затым раўнамерна размеркаваць па ўсёй даўжыні валасоў (ад каранёў да кончыкаў). Пасля таго, як шампунь ўспеніцца, можна акуратна памасіраваць скуру галавы на працягу 2—3 хвілін.

Па-першае, гэта пазітыўна адаб'ецца на працы валасяных фалікул. Па-другое, шампунь растворыць зацвярдзелыя тлушч і бруд. Таму не практыкуйце хуткае мыццё.

Калі валасы і скура галавы сталі чыстымі, можна змываць сродак і наносіць бальзам ці маску. Наступны этап — высушванне. Я настойліва не рэкамендую хадзіць з ручніком на галаве неабмежаваны час. Пад ручніком ствараюцца «парніковыя» ўмовы, што прыводзіць да ўзмоцненай выпрацоўкі себуму (сакрэт тлушчавых залоз).

Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

Лепш за ўсё прамакнуць валасы ручніком і пакінуць іх у спакоі да поўнага высыхання, затым іх можна расчэсваць. Рабіць гэта неабходна ў кірунку ад кончыкаў да каранёў, выкарыстоўваючы расчоскі з вялікімі рэдкімі зубцамі. Расчэсваць вільготныя валасы не рэкамендуецца, паколькі яны больш ломкі і далікатныя, чым сухія, і вельмі лёгка пашкоджваюцца.

Пра змену прычоскі

Тое, што сякуцца кончыкі — праблема многіх дзяўчат. Што ж з імі рабіць? Выратаваць іх не ўдасца. Яны ўяўляюць сабой мёртвую структуру валасоў, пашкоджаныя керацінавыя ланцужкі, якія нельга аднавіць.

Каб спыніць працэс сячэння, іх неабходна састрыгчы. Калі гэтага не зрабіць, пашкоджаныя ланцужкі будуць чапляцца адзін за адзін, далей пашкоджваючы здаровую структуру валасоў.

Чаму кончыкі могуць секчыся? Існуе некалькі прычын:

  • недахоп вітамінаў і мікраэлементаў (незбалансаваны рацыён харчавання);
  • недахоп вадкасці (невыкананне пітнога рэжыму);
  • няправільны догляд валасоў (расчэсванне мокрых валасоў неправільнай расчоскай, выкарыстанне шампуню не па тыпе скуры, адмова ад ужывання бальзамаў, масак, кандыцыянераў);
  • адсутнасць галаўнога ўбору ў халодны час года (на марозе валасы вельмі хутка сякуцца);
  • выкарыстанне стайлінгавых сродкаў і сродкаў для ўкладкі валасоў;
  • няправільнае выкарыстанне фена (калі падносіць яго блізка да валасоў, можна пасекчы валасы каля каранёў);
  • захворванні ўнутраных органаў, прыём антыбіётыкаў.

Пасля зразання мёртвых кончыкаў надавайце непашкоджаным асаблівую ўвагу. Не лянуйцеся выкарыстоўваць алеі (алей авакада, жажаба, аргана), бальзамы, кандыцыянеры, рабіце пажыўныя маскі і, вядома ж, сачыце за рацыёнам харчавання.

Асобна хачу закрануць міф, які абвяшчае, што пакарочванне валасоў паскарае іх рост. На самай справе гэта не так. На хуткасць росту валасоў уплывае выключна стан валасяных фалікулаў і генетычны фактар, але ніяк не кончыкі. Стрыжка толькі ажывіць валасы, не больш за тое.

Догляд валасоў патрабуе сіл і амаль навуковага падыходу. Калі хочаце, каб ваша шавялюра вас цешыла, карыстайцеся патрэбным шампунем, не купляйце занадта тугія гумкі, якія здымаюцца разам з валасамі, рэгулярна рабіце пілінг скуры галавы. Што тычыцца пілінгаў, то яны дазваляюць ачысціць скуру галавы ад зацвярдзелага себуму і арагавелых клетак. Рэгулярнае лушчэнне спрыяе росту валасоў і паляпшае клеткавае дыханне.

А калі вашы валасы знясіленыя або абсыпаюцца, як восеньскае лісце, звярніцеся па дапамогу да спецыяліста. Ён дапаможа вырашыць усе праблемы, не ўдаючыся ў міфалогію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0