Патайнік са 130 кг гашышу і 10 кг экстазі знайшлі ў фуры ў пункце пропуску на беларуска-латвійскай мяжы, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.
Кошт канфіскаванага складае каля $2,5 мільёна. Мытнікі дзейнічалі сумесна з супрацоўнікамі міліцыі.
Вялікагруз Volvo спынілі 25 сакавіка ў пункце пропуску «Грыгараўшчына». За рулём быў 52-гадовы грамадзянін Літвы. Схованку выявілі падчас мытнага кантролю — у апорнай бэльцы ўздоўж платформы, на якой перавозіўся чыгуначны кантэйнер.
Для яго дэмантажу мытнікам прыйшлося скарыстацца электраінструментамі і патраціць каля пяці гадзін. Вынялі 140 брыкетаў з гашышам. Таксама канфіскаваныя чатыры пакеты прыкладна з 20 тысячамі таблетак экстазі. Наркотыкі ішлі з тэрыторыі Латвіі транзітам праз Беларусь у Маскву. Па дакументах перавозіліся фармакалагічныя прэпараты.
Распачалі крымінальную справу па ч.2 ст.328-1 КК. Кіроўца затрыманы.





