«Юрый Бліноў памёр на бягу… Як легендарны марафонец, які прынёс афінянам вестку пра перамогу над персамі. На жаль, Юра такім немагчыма раннім фіналам нас шакаваў, — піша ў сваім фэйсбуку Барыс Тасман.

— Я пазнаёміўся з ім пасля аднаго з матчаў «Крумкачоў». Хлопец у майцы з надпісам «Бліноў» і шортах ў адзіночку супрацьстаяў брыгадзе АМАПу, якая спрабавала выправадзіць са стадыёна заўзятараў «крумкачоў», што чакалі футбалістаў з распранальні. Ён моцна заікаўся, асабліва, калі быў усхваляваны, але не адступаў. Яго адвага і зацятасць пераканалі міліцэйскага начальніка, і ён даў каманду пакінуць людзей у спакоі.

Чытайце таксама: У Гомелі падчас паўмарафона памёр сузаснавальнік «Крумкачоў», вядомы піяніст Юрый Бліноў

Юрый запрасіў мяне на свой канцэрт у к/з «Верхні горад». Але здзівіў яшчэ да яго пачатку. Хвілін за дзесяць ён выйшаў на сцэну і, знайшоўшы вачамі нас з Лёшам Важнікам і яшчэ некалькіх знаёмых, спусціўся ў залу, абняў і падзякаваў за тое, што мы прыйшлі. І рабіў так амаль заўсёды.

Граў Бліноў натхнёна, як і ўсё, чым займаўся. Ён быў лаўрэатам дзясятка міжнародных конкурсаў піяністаў. Бліскуча выконваў канцэрт Шастаковіча для фартэпіяна з аркестрам — твор, які патрабуе ад выканаўцы высокай фізічнай аддачы.

Увесь час шукаў новыя кірункі ў творчасці. Граў дуэты з выканаўцамі іншых інструментаў. Напрыклад, з выбітнай габаісткай з Францыі Марыкай Ламбардзі. А які шыкоўны фартэпіянны канцэрт яны далі разам з Сафіяй Гулак 26 красавіка мінулага года ў філармоніі. У заключэнне чароўнага вечара маэстра ў чатыры рукі выдалі віртуозны твор, пасля якога зала ўзляцела з крэслаў і шалёна пляскала ў далоні!

Юра Бліноў быў родам з Драгічына Брэсцкай вобласці. У падзяку роднаму гораду заснаваў там міжнародны конкурс юных музыкаў «Палескi агеньчык», які праводзіўся раз на два гады. Ён укладваў у гэты выдатны праект душу і немалыя сродкі і ў далейшым працягваў дапамагаць юным талентам.

Так, мінулай восенню ён разам з 17-гадовым акардэаністам Антонам Маляёнкам даў дзівосны канцэрт у «Верхнім горадзе». А 29 красавіка, гэта значыць праз тыдзень, там жа мусіў адбыцца канцэрт «Маладыя віртуозы» ў рамках яго новага праекта.

Чытайце таксама: Юрась Бліноў. Напярэдадні

Яшчэ 12-гадовым хлопчыкам Юра дэбютаваў на легендарнай сцэне Ленінградскай філармоніі разам з сімфанічным аркестрам БССР.

Бліноў дзесяць гадоў пражыў у ЗША, вучыўся і перамагаў там у міжнародных конкурсах. Яго запрасілі ўдзельнічаць у мерапрыемствах, прысвечаных Гульням у Солт-Лэйк-Сіці, і выступіць у адным з залаў знакамітага Карнегі-хола. Ён лёгка знаходзіў супольную мову з людзьмі не толькі таму, што быў шырока адукаваны, выхаваны і надзвычай добразычлівы, але і ад таго, што валодаў багатай моўнай палітрай — беларускай і ўкраінскай мовамі, а таксама англійскай, нямецкай, французскай, польскай, італьянскай…

Ён апантана заўзеў за «Крумкачоў»!

Калі любімы клуб адчуў патрэбу ў сродках і абвясціў краўдфандынг, Юра «адшпіліў» значную суму, якая шмат у чым дазволіла «крумкам» завяршыць чэмпіянат 2017 года. І па-дзіцячаму радаваўся, што ў якасці бонуса атрымаў запрашэнне ўдзельнічаць у трэніроўках прафесійных футбалістаў. У дзяцінстве ён пра гэта марыў! А неўзабаве Юрый стаў сузаснавальнікам новых «Крумкачоў» (цяпер НФК).

Бліноў быў віртуозным піяністам і кампазітарам-наватарам, доктарам музычных мастацтваў. Ён марыў прывезці ў Мінск зорку сусветнага футбола Тоні Кроаса, якому прысвяціў фартэпіянны канцэрт «Concerto-Krooso». Тоні завочна дзякаваў Юрыю, але перамовы з яго агентамі поспехам не ўвянчаліся.

Юрый быў надзіва поліфанічным чалавекам, якога цікавіла і хвалявала ўсё прыгожае і значнае. Ён дбайна назіраў за кліматычнымі зменамі і публікаваў свае назіранні тут, у фэйсбуку. Першыя лісцікі, першыя ўсходы, кветкі — не мог прайсці міма прыгажосці, каб не захаваць яе й не падзяліцца гэтым з іншымі.

Заўсёды дзяліўся ўражаннямі аб паездках. Літаральна пару тыдняў таму апублікаваў фотаэкскурсію і аповед пра наведванне цэнтральных могілак Вены, дзе спачываюць Бетховен, Брамс, Шуберт, бацька і сын Штраўсы…

У мінулую суботу мы сустрэліся перад першым матчам сезону НФК — «Орша», абняліся. Юра заўсёды абдымаў сяброў. У перапынку падышоў да нас і, нібы просячы прабачэння, паведаміў: «Паеду дадому — у мяне гарачка»…

Бег быў адным з яго захапленняў і адной з жыццёвых радасцяў. Юра бегаў шмат. Першы паўмарафон пераадолеў у Мюнхене ў 2015-м, першы марафон — у Кіеве ў 2017-м. Учора ён бег паўмарафонскую дыстанцыю ў Гомелі. Можа, не паспеў аднавіцца пасля хваробы. Можа, вар'яцкі тэмп жыцця, які ён сабе задаў, зламаў яго магутны трэніраваны арганізм… Яму стала нядобра па ходзе бегу, ён нязвыкла адставаў, але не жадаў сыходзіць з дыстанцыі, бо не прывык кідаць пачатую справу. Паваліўся за пяць метраў да фінішнай рысы…

Юра дарыў так шмат цяпла ўсім, хто яго ведаў і любіў, што зараз нам, якія звыкліся да зносінаў з ім, яго абаяння, усмешкі, будзе зябка і самотна.

Твая музыка, тваё цяпло — з намі.

Бывай, Юрый! Светлая памяць…

Чытайце таксама: Наш чалавек у Тэхасе (артыкул НН 2002 года)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?