Данбас. Ускраіна
Прадпрымальнік Павел Белавус расказаў пра тое, як яго шакаваў паход ў мінскі кінатэатр Silver Screen.
«Прыйшоў я ўчора ў кіно. Перад паказам: першая рэклама перад фільмам — па-беларуску, другая рэклама — па-беларуску, трэцяя — па-беларуску! — тлумачыць Белавус. — Але далей паказалі трэйлер расійскага прапагандысцкага фільма «Донбасс. Окраіна», з шаўронам «Наваросіі» у кадры і дыялогамі пра «нацыкаў», «ватнікаў» і «каларадаў». І запрашэнне на прэм'еру 12 чэрвеня, жах!»
Фота з кінатэатра
Што за фільм «Данбас. Ускраіна»?
Гэта зняты на замову расійскай дзяржавы фільм, які паказвае карціну ў выгадным для Крамля святле, гераізуючы тэрарыстаў і баевікоў гэтак званай Наваросіі.
Што гэты фільм можа рабіць у беларускай кінасетцы?
У «Сільвер Скрыне» аператыўна адрэагаваць на запыт «Нашай Нівы» не здолелі, але размясцілі адказ у фэйсбуку Паўла Белавуса.
У адказе значыцца, што камерцыйную рэкламу перад фільмам падбірае сам кінатэатр, на гэтым усё.
«Блок трэйлераў — гэта частка самога фільма, і яго выразаць мы не можам. Фільм, пра які вядзецца гаворка, мы паказваць у сваіх кінатэатрах не будзем», — адказалі Белавусу.
У «Кінавідэапракаце», найбуйнейшай сетцы кінатэатраў, фільм пра Данбас таксама не пакажуць. Намеснік дырэктара ўстановы Андрэй Разжавайкін запэўніў, што такога фільма ў сетцы паказаў не існуе.





