Будучаму прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму шукаюць выкладчыка ўкраінскай мовы. Пра гэта распавяла яго жонка Алена Зяленская, перадае ВВС.
«Мы шукаем выкладчыка, які б дапамог яму набраць хуткасці. Бо паглядзіце, Пятро Аляксеевіч кажа заўсёды павольна, з выразнымі паўзамі, падзяляючы фразы. Уладзімір таксама так можа казаць, але гэта не яго прыродны тэмп гаворкі. Ён хутка кажа. І калі пачынае хутка казаць, у гэты час перакладае, узнікаюць затрымкі і з'яўляецца адчуванне, што чалавек кажа не сваёй мовай», — сказала жонка Зяленскага.
Па словах Зяленскай, яна ўпершыню пачула ўкраінскую мову ў другім класе ад настаўніцы.
«Мы не можам нічога змяніць у сваім мінулым, так здарылася», — сказала яна.





