Стыхійная сустрэча гродзенскіх таксістаў пачалася каля 14:00 на стаянцы ля вакзала. Сабралася блізу 100 кіроўцаў, якія незадаволеныя цяперашнімі тарыфамі на перавозкі. Ніхто з іх на працягу некалькіх гадзін не прымае заказы ад дыспетчарскіх службаў, піша Hrodna.life.

Забастоўка закранула амаль усе службы горада. Ініцыятарамі акцыі сталі не кіраўнікі фірмаў, а група таксістаў. Яны выступаюць за павышэнне кошту сваіх паслуг. Прапануюць наступны тарыф: 5 рублёў да 3 км і 80 капеек за кожны наступны кіламетр. Зараз у большасці фірм таксі ўсталяваны тарыф 2 рублі 60 капеек да 3 км.

«Сённяшні тарыф на перавозкі такі жаласны, што кіроўцы не могуць ні зарабіць, ні адрамантаваць аўтамабіль. Шмат хто з нас стаў зарабляць 10-12 рублёў у суткі і гэта ненармальна. Іншы раз нават машыну няма чым заправіць. А тарыфы ўсталёўваюць не вадзіцелі або перавозчыкі, а дыспетчарская служба, якая да гэтага не мае ніякага дачынення. Яны проста пасярэднікі і зарабляюць на нас», — кажуць кіроўцы.

Вадзіцелі службаў таксі адзначаюць, што ўзняцце тарыфаў дасць магчымасць кіроўцам зарабіць, адрамантаваць аўтамабілі і пракарміць свае сем’і.

«Кіроўцаў ніхто не шануе. Прайшлі тыя часы, калі мы зараблялі. Студэнтам на таксі ўжо танней ездзіць, чым на грамадскім транспарце. Гэта нармальна? Усе хочуць якасныя паслугі, але за гэта ніхто не хоча плаціць. Дыспетчарская служба павінна мець 10% ад замовы. Чым будзе вышэй заказ, тым больш будуць зарабляць усе: як дыспетчар, так і кіроўцы. Правёз на 3 рублі, 30 капеек аддаў, але ніяк не больш, на 10 рублёў — 1 рубель аддай. Ніхто не забірае гэта ў дыспетчарскай службы, яны таксама павінны зарабляць. Але ўсё ўпіраецца ў тарыф, сёння ён проста жабрацкі. Людзі проста смяюцца з нас, як хочуць, так і выкарыстоўваюць. А паліва даражэе, як і абслугоўванне аўтамабіля», — дадалі таксісты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?