Адзін мой добры знаёмы — грэка‑каталіцкі бацюшка — атрымаў позву з Заводскага ваенкамату Мінска. Піша Анатоль Сідарэвіч.

Не адзін мой сябар, вяртаючыся з Польшчы ці Літвы, з задавальненнем кажа: хоць адпачыў ад паліцэйскіх мундзіраў. І сапраўды: прабыўшы аднаго разу тры дні запар у Варшаве, я не спаткаў ніводнага паліцыянта. Нават на вакзале. Аж сумна стала, бо на Менскім вакзале за імі ступіць нельга. І хоць у нас паліцэйская дзяржава, парадку ў ёй няма.

Забойства гарадзенскага «ваяводы» Арцымені, забойства лукашэнкаўскага рэвізора Мікалуцкага, выбухі ў Віцебску... Ніводнае з гэтых і падобных да гэтых злачынстваў не раскрытае, нягледзячы на ўсе абяцанні і клятвы. Не тая кваліфікацыя ў нашых пінкертонаў. Гэта ім не бабулек‑гандлярак ганяць. Затое ўсё более гэтак званых праваахоўных структур і людзей, якія там кормяцца. І з году ў год павялічваецца колькасць дасье на грамадзян Беларусі.

Каб дасье былі больш саліднымі, улады дазволілі адбыцца выбуху 3 ліпеня 2008 года, а пасля гэтага пачалі клікаць грамадзян аднаго за адным у пастарункі: а дайце‑тка адбіткі пальцаў. Паколькі больш‑менш граматныя грамадзяне пачалі пасылаць падначаленых міністра Навумава куды далей («закона такога няма»), да паліцэскай аперацыі падключылі ведамства міністра Мальцава. І цяпер ужо ваенкаматы збіраюць адбіткі пальцаў: а раптам вайна з дзяржавай Тамбу‑Ламбу, а раптам цябе парве на кавалкі і застануцца цэлыя адны пальцы, вось па адбітках гэтых пальцаў і паведамім маме (тату, жонцы, дзецям), што ты загінуў пры абароне Радзімы.

Клічуць усіх: бязвусых дапрызыўнікоў і тых, каму заўтра дзеля ўзросту здаваць ваенныя білеты, танкістаў і артылерыстаў, медыкаў і кухараў. А нядаўна дабраліся і да святароў. Вось адзін мой добры знаёмы — грэка‑каталіцкі бацюшка — атрымаў позву з Заводскага ваенкамату Мінска.

Рыхтык, як у Евангеллі: і да разбойнікаў будзе прылічаны.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна