З просьбай разгледзець праект будаўніцтва трансгранічнага водаправода з Алтайскага краю Расіі ў Кітай у канцы красавіка звярнуўся ва ўрад расійскі дэпутат Аляксей Чэпа. Апарат урада 8 мая даслаў зварот дэпутата на прапрацоўку ў шэраг расійскіх міністэрстваў і ведамстваў, піша РБК.

Праект будаўніцтва водаправода, які абмяркоўвалі дэпутаты, прапанавала кітайскае Таварыства абменаў і супрацоўніцтва паміж Расіяй, Усходняй Еўропай, Цэнтральнай Азіяй і КНР. У лістападзе мінулага года старшыня таварыства Гэ Чжылі нават напісаў ліст расійскаму прэм'еру Дзмітрыю Мядзведзеву з просьбай падтрымаць праект.

Кітайцы прапаноўвалі расійскім уладам пабудаваць магістральны вадавод Расія — Казахстан — Заходні Кітай агульнай працягласцю 1,2-1,5 тыс. км. Паводле задумы аўтараў праекта на першым этапе, да 2026 года, трэба будзе пабудаваць першую чаргу магістральнага трубаправода магутнасцю 600-700 млн куб. м у год і сеткі размеркавальных трубаправодаў. На другім этапе, да 2040 года, прапануецца пабудаваць другую чаргу вадавода, што павялічыць яго магутнасць да 1,8-2,4 млрд куб. м у год, і рэалізаваць агратэхнічныя і іншыя праекты, якія павышаюць эфектыўнасць водакарыстання.

Аб'ём інвестыцый ва ўвесь праект, паводле ацэнак экспертаў, можа скласці да $88 млрд.

Неабходнасць будаўніцтва водаправода кітайцы тлумачылі тым, што ў Кітаі шэраг рэгіёнаў адчуваюць значны дэфіцыт вады. У падрыхтаваным даследаванні аб праблеме «воднага голаду» адзначаецца, што на поўначы Кітая дэфіцыт прэснай вады складае каля 70 млрд куб. м. Асабліва вострая сітуацыя ва Уйгурыі — там дэфіцыт не меншы за 12-15 млрд куб. м вады ў год. Для Казахстана дэфіцыт вады — пакуль што не такая вострая праблема, але там ён таксама паступова расце і да 2040 года можа дасягнуць 12 млрд куб. м.

Алтайскі край жа, наадварот, пакутуе ад вясновых паводак, з-за якіх у рэгіёне ўтворыцца лішак вады — 75-100 млн куб. м..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0