У жніўні 2018 года краіну ўскалыхнула здарэнне пад Івацэвічамі, калі вясковец адкрыў страляніну па двух міліцыянерах, якія правяралі законнасць захоўвання зброі ў насельніцтва.
42-гадовы ўчастковы інспектар Ігар Лукашэвіч быў застрэлены на месцы, другі інспектар Дзяніс Сагановіч быў паранены.
Пад Івацэвічамі вясковец адстрэльваўся ад міліцыі: адзін участковы забіты, другі ў рэанімацыі
8 студзеня 2013 года 37-гадовы міліцянер Ігар Іванчык выехаў на выклік ў прыватны сектар Мінска. Жанчына паведаміла, што яе сусед страляе са зброі па сабаку. Калі міліцыянеры сталі апытваць мужчыну, той раптам выхапіў пісталет і стрэліў па супрацоўніках міліцыі.
Мінчук забіў міліцыянта і сам застрэліўся
У 2007 годзе ў Светлагорску трагічна загінуў участковы інспектар Юры Шутаў. Ён прыехаў на выклік ў адзін са шматпавярховікаў. Жанчына тэлефанавала ў 102 з просьбай дапамагчы ўціхамірыць мужа, які пагражаў ёй расправай. Юрый Шутаў паспяшаўся з жанчынай у кватэру, дзе знаходзіўся дэбашыр. Той паводзіў сябе неадэкватна ў адносінах да прадстаўніка міліцыі, і Юры Шутаў па мабільнай сувязі патэлефанаваў у дзяжурную частку з просьбай аб падмацаванні. Падчас размовы ў дзяжурнай частцы пачулі падзенне тэлефона і шум барацьбы. Калі падмацаванне прыехала на месца здарэння, Юрый Шутаў ляжаў на пляцоўцы трэцяга паверха, сцякаючы крывёю. 57-гадовы дэбашыр нанёс яму шэсць нажавых раненняў, ад якіх міліцыянт сканаў. Сам жа забойца, завалодаўшы табельнай зброяй загінулага міліцыянта, забарыкадзіраваўся ў кватэры. Калі праз дзве гадзіны праваахоўнікі ўзламалі дзверы і ўвайшлі ў кватэру, яны знайшлі мужчыну ў спальні мёртвым. Ён стрэліў у сябе з адабранага ва ўчастковага пісталета.
У 1995 годзе міліцыянер-кінолаг групы затрымання Навабеліцкага раённага аддзела аб'яднання «Ахова» Анатоль Бурлак затрымліваў грузавы аўтамабіль, у якім знаходзілася выкрадзеная прадукцыя фанерна-запалкавага камбіната. Ускочыў на падножку аўтамабіля і разбіў бакавое шкло. Спрабуючы сысці ад адказнасці, злачынец скінуў супрацоўніка міліцыі з падножкі аўтамабіля. Ад атрыманых траўмаў Анатоль Бурлак памёр.
Але, напэўна, самы страшны выпадак адбыўся ў лістападзе 1993 года ў Гомелі. Тады на Прывакзальнай плошчы горада кілер расстраляў машыну гомельскага крымінальнага аўтарытэта Мікалая Салдаценкі. За кілерам пабеглі міліцянеры з патрульнай службы, а злачынец, спрабуючы адарвацца, пачаў па іх страляць. У выніку кілер забіў двух праваахоўнікаў — Эдуарда Сярогіна і Канстанціна Барысенка. Прычым, параненага Сярогіна кілер дабіваў стрэлам у галаву. Паколькі страляніна пачалася ў цэнтры горада, дзе было шмат людзей, ад шальной кулі загінула 40-гадовая жанчына. Таксама атрымала раненне 18-гадовая дзяўчына.
На вялікі жаль, гэта далёка не ўсе выпадкі, калі жыццё беларускіх міліцыянтаў абрывалася падчас выканання службовых абавязкаў.