фото Радыё Свабода

фото Радыё Свабода

«Спакойны, таварыскі, хацеў, каб усё было па справядлівасці». Так кажуць сябры пра інспектара ДАІ Магілёва Яўгена Патаповіча, які загінуў 16 мая на службе. Адзін з іх распавёў Tut.by пра Жэню: якім ён быў, як жыў і працаваў, пра што марыў. 

Гэтай ноччу на Магілёўшчыне людзі ўзбударажаныя і агаломшаныя навіной аб забойстве іх земляка — лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча. Інтэрнэт разрываецца ад паведамленняў і пытанняў, на якія пакуль няма адказаў: хто і навошта гэта зрабіў?

— З Жэнем мы сябравалі вельмі даўно, можа, з падлеткавага ўзросту. Часта размаўлялі па тэлефоне, сустракаліся, — распавёў адзін з сяброў загінулага хлопца. — Апошні раз я бачыў яго ў нядзелю, паразмаўлялі, Жэня папрасіў пазычыць яму грошай, падвёз мяне да дома, размаўлялі…

16 мая хлопец выехаў з працы пасля 18.00 і хвілін праз трыццаць патэлефанаваў Жэні на мабільнік.

— Тэлефон быў адключаны, я набраў другі нумар — тое ж самае. Гляджу, ён быў ва «Укантакце» ў 18.07, заходзіў з мабільніка. Падумаў: ну добра, потым ператэлефаную, можа, ён заняты. А пасля 19.00 тэлефануе наш агульны знаёмы і пытаецца: гэта не з тваім сябрам здарылася бяда? І распавядае пра тое, што ўжо было ў навінах у той час.

mogilev.mvd.gov.by

mogilev.mvd.gov.by

Страшным чуткам хлопец не паверыў, але ўсё ж вырашыў зайсці ў інтэрнэт і ўдакладніць інфармацыю.

— Чытаю, а там прозвішча Жэні… У мяне ўсё закалацілася. Пачаў пісаць нашым агульным сябрам, а тыя пацвердзілі: так, гэта нашага Жэню забілі…

Магілёвец не разумее, што ж магло адбыцца: спакойная краіна, спакойны горад, ніякіх бандыцкіх разборак — а тут такое.

— Жэня расказваў, што на службе ў яго ёсць напарнік, з ім ён раней заўсёды выяжджаў на выклікі. А ў навінах напісана, што ён кудысьці выбыў адзін. Мы ўсе вельмі здзівіліся, як жа так атрымалася? Інфармацыі ад міліцыі вельмі мала, адны здагадкі…

Фота са старонкі Яўгена Патаповіча УКантакце

Фота са старонкі Яўгена Патаповіча УКантакце

Яўген Патаповіч родам з Магілёва. Хлопец у сям'і — адзінае дзіця, бацькі ў разводзе. Адвучыўся ў Магілёўскім інстытуце МУС і ўжо амаль год працаваў у ДАІ.

— Цяпер мала хто хоча ў міліцыю ісці, заробак там невялікі, але ў Жэні выбару не было — адпрацоўка. А потым ужо казаў, што падабалася ў ДАІ, аднак служба няпростая, а людзей не хапае, трэба многае паспяваць. Ведаю, што хацеў і далей служыць, даслужыцца да высокага звання. Як бы ні было ў міліцыі цяжка, сыходзіць не збіраўся.

Яшчэ падчас вучобы Жэня збіраў на сваю мару — машыну. А нядаўна нядорага купіў трэці «гольф». Праўда, кажуць сябры, машына аказалася праблемная — пастаянна патрабавала рамонту.

— Але ён не перажываў, рабіў гэтую машыну, пераварваў, мяне часам прасіў дапамагчы. Я, вядома, згадзіўся: як жа можна было Жэні адмовіць? Ён сам быў вельмі таварыскі, калі патрэбна дапамога — заўсёды быў гатовы. Спакойны, вясёлы, хацеў, каб усё было па справядлівасці.

Усё ў жыцці маладога міліцыянта ішло сваім парадкам: работа, каханая дзяўчына, планы на будучыню. 25 ліпеня Яўгену павінна было споўніцца 23 гады. Ён яшчэ не планаваў, як яго адзначыць, але з хлопцамі дамаўляліся, што, можа быць, паедуць у лес, пасмажаць шашлыкі.

Сябры Жэні дамовіліся, што ў пятніцу днём паедуць да яго мамы — падтрымаць, аказаць дапамогу. А потым будуць рыхтавацца да пахавання.

Па стане на раніцу няма інфармацыі, ці знайшлі забойцаў маладога інспектара.

У Магілёве невядомыя на расійскіх нумарах выкралі і забілі 22-гадовага інспектара ДАІ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?