Леанід Казіміраў, які выконвае функцыі цыганскага барона ў Магілёве, паведаміў «Нашай Ніве», што, па яго інфармацыі, забойца інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча затрыманы міліцыяй.
Леанід Казіміраў, фота Надзеі Бужан
Казміраў сказаў, што пакуль не ведае дэталяў: ані падрабязнасцяў затрымання, ані нацыянальнасць, ані грамадзянства злачынцы. Па яго словах, адзінае, што дакладна вядома — забойца не з цыганскай дыяспары.
Нагадаем, 23-гадовы інспектар ДПС Яўген Патаповіч знік у Магілёве ўвечары 16 мая. Пазней яго знайшлі забітым у лесе. Па ўсёй краіне міліцыя шукала чорную «Волгу» на расійскіх нумарах, паведамлялася, што інспектар сеў у яе і больш яго жывым ніхто не бачыў. Па папярэдняй версіі, у машыне было трое ці то цыганоў, ці то каўказцаў.
«Наша Ніва» пакуль не атрымала пацверджання інфармацыі ад Следчага камітэта, ні ад магілёўскай міліцыі.
«У цяперашні час у мяне няма такой інфармацыі», адказаў прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч.





