Чытачы Tut.by распавялі, што ў адной з воінскі часцей, размешчаных у Гродне, салдат тэрміновай службы спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, разрэзаўшы сабе вены. Ён, па словах знаёмых, скардзіўся на дзедаўшчыну ў часці. У Міністэрстве абароны выпадак пацвярджаюць, але кажуць, што ўсё было інакш і пра дзедаўшчыну гаворкі няма.

Вядома, што салдат адслужыў у арміі паўгода. Ён скардзіўся знаёмым на дзедаўшчыну ў сваёй часці і на тое, што з яго патрабавалі грошы стараслужачыя. Нібыта нават пісаў пра гэтыя факты ў анкетах, якія распаўсюджваюцца сярод вайскоўцаў.

Салдата знайшлі ў прыбіральні, дзе ён паспрабаваў разрэзаць вены, вечарам 15 мая.

У Міністэрстве абароны выпадак пацвердзілі, аднак распавялі, што ў хлопца на руцэ былі толькі драпіны.

— Камандзірам аднаго з палкоў Гродзенскага гарнізона прызначаная праверка па гэтым факце. Дзеянні вайскоўца, які нанёс сабе драпіны на перадплечча, не прадстаўляюць пагрозу для жыцця і здароўя. Вядома, што раней малады чалавек неаднаразова праходзіў абследаванні ў спецыялізаваных медыцынскіх установах, у тым ліку і для дыягностыкі расстройства адаптацыі, змешанага расстройства эмоцый і паводзін. Па заключэнні спецыялістаў — псіхічна здаровы. Калі праверка высветліць, што ўчынак вайскоўца быў накіраваны на ўхіленне ад вайсковай службы, то ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па артыкуле «Ухіленне ад вайсковай службы шляхам членашкодніцтва ці іншым спосабам», — распавялі ў прэс-службе Міністэрства абароны.

Зараз салдат знаходзіцца на абследаванні ў спецыялізаванай медустанове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?