Пра зладзейскі ўчынак у пад'ездзе дома па Віленскай у Маладзечне паведаміў сам пацярпелы. Мужчына распавёў, што яго знаёмы наўмысна падпаліў ўваходныя дзверы кватэры.
Узгаранне ўладальніку кватэры ўдалося адразу патушыць. З дзвюх уваходных дзвярэй пацярпелі драўляныя, усярэдзіне жылля. Матэрыяльны ўрон склаў 200 рублёў.
Высветлілі асобу падазраванага ў падпале. Ім аказаўся 41-гадовы маладзечанец, які пражывае на другім паверсе гэтага дома.
Напярэдадні ён спусціўся да свайго 51-гадовага знаёмага на першы паверх, каб пагаварыць пра жыццё — ім падабаецца адна і тая ж жанчына.
Размова не адбылася — няпрошанаму госцю адмовіліся адчыніць дзверы. Пакрыўджаны ён сышоў, але неўзабаве вярнуўся з балончыкам і запальнічкай у руках.
Мужчына вырашыў пакараць гаспадара за такі прыём. Самаробны «агнямёт» з аэразольнага балончыка і запальнічкі ён паднёс да ўваходных дзвярэй — адбылося ўзгаранне.
Гаспадар кватэры сваімі сіламі патушыў агонь. Тым не менш, кватэра аказалася задымленай.
Пасля здарэння падпальшчык вярнуўся ў сваю кватэру. Праваахоўнікам дзверы не адчыняў, нібыта яго няма дома.
На момант затрымання фігурант быў нецвярозы. Ва ўчынку прызнаўся.
Цяпер мужчыне пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.





