Квіток на матч фіналу Лігі Еўропы па футболе, авіябілеты да Баку і назад, дастатковая колькасць грошай на банкаўскай карце — усяго гэтага аказалася жыхару Брытаніі Рафі Узуняну недастаткова для таго, каб атрымаць уязную візу ў Азербайджан, піша BBC.
Узунян збіраўся паехаць на фінал футбольнай Лігі Еўропы паміж «Арсеналам» і «Чэлсі», які павінен адбыцца 29 мая ў Баку. Але афіцыйная сістэма выдачы электронных віз Азербайджана ASAN Viz выдала яму адмову.
Узунян мяркуе, што ў візе яму адмовілі, паколькі яго прозвішча падобнае на армянскае.
«Лагістыка, праблема з цэнамі і часам — гэта ўсё можа прыводзіць у шаленства, але мы і праўда будзем маўчаць пра армянафобію?» — напісаў Узунян на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
У сацсетках і на форумах заўзятараў «Арсенала» і «Чэлсі» — дзясяткі падобных гісторый.
Людзі з прозвішчамі, падобнымі на армянскія, і армяне, якія жывуць у Еўропе, пішуць, што не змаглі атрымаць візы ў Азербайджан для паездкі на фінал Лігі Еўропы, нават калі яны маюць грамадзянства еўрапейскіх краін.
У МЗС Азербайджана заявілі, што ўлады не абмяжоўваюць уезд у краіну па расавай або нацыянальнай прыкмеце і што ў Баку ўжо шмат разоў прыязджалі армянскія спартсмены.
«Абмежаванні доступу замежных грамадзян на тэрыторыю Азербайджана накладаюцца толькі на замежных грамадзян, якія наведваюць акупаваны Нагорны Карабах і прылеглыя раёны Азербайджана без дазволу ўрада Азербайджана», — паведаміла Бі-бі-сі прэс-сакратарка МЗС Азербайджана Лэйла Абдулаева.
Імя Рафі Узуняна не пазначана ў спісе непажаданых асоб на сайце дыпламатычнага ведамства Азербайджана, але візу ён так і не атрымаў.
Застаецца незразумелым, ці зможа прыехаць у Баку адзін з ключавых гульцоў «Арсенала», грамадзянін Арменіі Генрых Мхітаран. У 2018-м ён не прыязджаў на гульню групавога этапу «Арсенала» з «Карабахам», хоць фармальнай забароны з боку азербайджанскіх уладаў не было.
І ў гэты раз афіцыйны Баку заявіў, што Мхітарану нічога не пагражае, нават нягледзячы на тое, што ён наведваў Нагорна-Карабахскую рэспубліку, не прызнаную Азербайджанам, без дазволу азербайджанскіх уладаў.
Але «Арсенал» заявіў, што не адправіць на фінал армянскага хаўбека, пакуль не атрымае ад УЕФА гарантый яго бяспекі. Нягледзячы на запэўніванні азербайджанскага боку, «кананіры» пакуль што не прынялі канчатковага рашэння, ці паедзе футбаліст у Баку. Перамовы бакоў працягваюцца.





