Масква, сярэдзіна 50-ых гадоў. Камсамолец Мэлс, які ладзіць аблавы на стылягаў, сам падпадае пад уплыў “варожай ідэалогіі”, зачараваны прыгажуняй Палінай (Аксана Акіншына). І цяпер былы камсамолец носіць стракатыя гарнітуры і таньчыць пад заходнюю музыку.
Карціна Валера Тадароўскага – яскравае і стылёвае відовішча. Праз асфальт сталінскай эстэтыкі (здымкі праходзілі ў Менску) – прабіваюцца нястрыманыя парасткі – зялёныя, бэзавыя, пунсова-вішнёвыя, каб разбурыць аднастайную шэрасць.
Тадароўскі скарыстаў песні 80-ых – і камсамольцы змрочна спяваюць пра “скутых адным ланцугом”, камунальныя суседзі бадзёра танчаць з рондалямі, а герой па-майстэрску асвойвае саксафон.
Экран выбухае святам свабоды. І як колішнія стылягі былі першым знакам распаду сталёвага камунізму, так і стужка Тадароўскага абяцае канец пуцінскае эпохі.





