Аляксандр Лукашэнка 29 ліпеня прызначыў Генадзя Салаўя старшынёй Гомельскага аблвыканкама. Гэта пасада была вакантнай больш за тры месяцы, калі Уладзімір Дворнік пайшоў на павышэнне і стаў віцэ-прэм’ерам па сельскай гаспадарцы.
Апошні год Генадзь Салавей з’яўляўся першым намеснікам Дворніка, таму нічога нечаканага ў гэтым прызначэнні няма. Пра новага кіраўніка Гомельшчыны зусім мала інфармацыі, таму паспрабуем запоўніць гэтыя лакуны.
Родам не з Навагрудка, а з Нясвіжа
У афіцыйнай біяграфіі Генадзь Салаўя напісана, што ён нарадзіўся ў вёсцы Тупалы Навагрудскага раёна ў 1963 годзе. Насамрэч такой вёскі нават не існуе. Ёсць Вялікія і Малыя Тупалы, але знаходзяцца яны ў суседнім Карэліцкім раёне. Адтуль паходзіла мама чыноўніка.
Калі хлопцу не было яшчэ і года, сям’я перабралася на радзіму бацькі ў Нясвіжскі раён, у вёску Качановічы. Гэта паселішча знаходзіцца ўсяго за тры з паловай кіламетры ад Нясвіжа, таму ў школу Генадзь Міхайлавіч хадзіў у райцэнтр. Ён скончыў восем класаў СШ №3 Нясвіжа, а пасля паехаў вучыцца ў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум.
З шматдзетнай сям’і
Бацькі старшыні Гомельскага аблвыканкама ўжо памерлі. Яны абое працавалі на калгаснай ферме. Мама была даяркай, тата — жывёлаводам. Простая вясковая сям’я. Зразумелая справа, што ад дзяцінства Генадзь Салавей быў прывучаны да фізічнай працы. Мабыць, гэта і абумовіла выбар прафесіі.
Салавей паходзіць з шматдзетнай сям’і. У бацькоў было пяцёра дзяцей. Дакладна вядома, што сястра Валянціна працягвае жыць у родных Качановічах. Недалёка жыве і сястра Тамара — у вёсцы Лявонавічы (дарэчы, гэта радзіма паэта Сяргея Новіка-Пеюна). А вось брат спадара Генадзя ўжо памёр.
Пасля сканчэння тэхнікума Салавей пайшоў працаваць заатэхнікам у калгас імя Леніна, пасля ў гаспадарку «Лань-Нясвіж». Так гаворыцца ў біяграфіі, але няхай яна не ўводзіць у зман. Справа ў тым, што гэта адна і тая ж гаспадарка, якая проста была перайменаваная. Лань, сёння аграгарадок, знаходзіцца за сем кіламетраў ад Качановіч.
Зарэкамендаваў сябе ў Клецку
На працягу шасці гадоў (2012—2018) Генадзь Салавей узначальваў Клецкі райвыканкам. «Калі чалавек стараецца, то і зямля не лянуецца», — фактычна гэтыя словы былі дэвізам ягонай працы.
Сваёй мэтай ён дэклараваў: «Зрабіць Клецкі раён камфортным для жыцця. Хочам, каб ён цешыў землякоў і здзіўляў прыезджых, каб кожны раз яны знаходзілі тут нешта новае і цікавае. Каб дагледжаныя сядзібы на добраўпарадкаваных вуліцах, сучасныя бальніца і школы, багацце кветак і зеляніны летам і мноства рознакаляровых агнёў восенню і зімой самім фактам сваёй наяўнасці пацвярджалі, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары».
Менавіта з Клецка яго забралі на нядоўгі час пакіраваць Нясвіжскім раёнам. А Нясвіжскі раён — вядомая кузня кадраў. Напрыклад, старшынёй райвыканкама быў экс-віцэ-прэм’ер Уладзімір Дражын (так, той самы, які пісаў, што «бабла мала, мерсэдэсаў няма»), а таксама экс-старшыня Мінскага аблвыканкама Леанід Крупец.
Жонка не паехала ў Гомель
Галіна Салавей (справа). Фота Нясвіжскія навіны.
Больш за дваццаць гадоў свайго працоўнага стажу Салавей якраз і аддаў гаспадарцы ў Лані. Быў там старшынёй. Мясцовыя людзі, з якімі мы размаўлялі, станоўча адгукаюцца аб ягонай працы. Нясвіжскі раён славіцца сваё урадлівай зямлёй, і гаспадарка паказвала пры Салаўю выдатныя вынікі.
Цікава, што ў «Лань-Нясвіж» працягвае працаваць жонка старшыні аблвыканкама Галіна Салавей, яна ўзначальвае мясцовы прафсаюз. Жанчына па-ранейшаму жыве ў Лані. У Гомель з мужам яна не паехала.
«У вёсцы ў нас дом, пабудаваны сваімі рукамі, дваццаць пяць сотак гароду, гаспадарка, усё гэта трэба глядзець, не ўсё так проста», — патлумачыла «НН» спадарыня Галіна.
«Спадзявалася, што вернецца, — працягвае жонка чыноўніка. — Калі шчыра сказаць, то я рада за яго, бо ён усяго дабіўся сам. Але больш бы хацела, каб ён вярнуўся сюды назад».
У вольны ад працы час Галіна Станіславаўна дома вырошчвае архідэі.
Пазнаёміліся Салаўі падчас сумеснай вучобы ў сельскагаспадарчай Акадэміі ў Горках.
Дачка працуе візажысткай
Дарына Салавей. Фота vk.com.
У сям'і дзве дачкі — Юлія і Дарына. Абедзве жывуць у Мінску.
Дарына працуе візажыстам, на яе старонцы Укантакце напісана, што выконвае паслугі ў Мінску, Нясвіжы і Клецку.
«Я дыпламаваны візажыст 4 разраду і стыліст. Скончыла аўтарскі курс візаж Дар'і Брылёвай «MakeupProfi». Павышэнне кваліфікацыі па макіяжы ў Вольгі Пякарскі. Наведваю шматлікія майстар-класы вядомых візажыстаў. Скончыла курс па прычосках ў Дыяны Голуб «Трэндавыя прычоскі». Выпускніца дома прафесійнай прыгажосці «Акадэмія стылю». Выконваю прычоскі любой складанасці. Працую з якаснай прафесійнай касметыкай», — так яна прадстаўляе сябе ў інтэрнэце. Дарыне 24 гады.
Юлія Салавей. Фота facebook.com.
Старэйшай дачцэ Юліі 30 гадоў. Вядома, што яна скончыла БДУ ў 2012 годзе. Абедзве дачкі шмат падарожнічаюць па свеце.





