3 жніўня ў Маскве працягваліся пратэсты супраць таго, што на выбары ў Маскоўскую гарадскую думу не пусцілі незалежных кандыдатаў. Папярэдняя акцыя 27 ліпеня скончылася масавымі затрыманнямі. Трансляцыю вядзе «Настоящее время».
Сёння, яшчэ да пачатку акцыі, была затрыманая Любоў Собаль — апошняя з арганізатараў, якая яшчэ была на волі.
Паліцыя ачапіла бульвары і плошчы з асноўнымі групамі пратэстуючых і хутка выцесніла іх адтуль, паведаміў rbc.ru. Паліцыя ачапіла Трубную плошчу, у ачапленні былі людзі, якім дазволілі выйсці ў бок Пушкінскай плошчы каля 17:00. На Раждзественскім бульвары паліцэйскія абвясцілі: «Паважаныя грамадзяне, бульвар зачыняецца, сквер зачынены. Праходзім назад».
Лозунгаў у пратэстоўцаў практычна не было, у асноўным людзі пляскалі ў далоні, выказваючы такім чынам нязгоду з дзеяннямі паліцыі. У натоўпе не было каардынатараў пратэсту, цэнтралізаванай раздачы агітацыі.
У першую чаргу паліцыя стала затрымліваць мужчын і людзей, якія здымалі фота і відэа.
У цэнтры Масквы на фоне пратэстнай акцыі зачыніліся крамы.
Сярод вядомых людзей, якія выйшлі на бульвары ў цэнтры Масквы, былі заснавальнік партыі «Яблык» Грыгорый Яўлінскі, акцёр Максім Вітарган, музычны крытык Арцемій Троіцкі і іншыя.
У Маскве сёння затрыманыя 828 чалавек, паведамілі праваабаронцы. Як адзначаюць незалежныя назіральнікі, сярод затрыманых ёсць журналісты і непаўналетнія.
Вядомыя расійскія музыкі адмовіліся ўдзельнічаць у фэсце, прызначаным на час акцыі пратэсту ў Маскве





