Трагедыя адбылася 5 жніўня недалёка ад гарадка Лінкальн, штат Небраска.
Даніла Дзмітрук разам з жонкай. Фота перадаў Георгій Дзмітрук.
У Небрасцы 24-гадовы Даніла быў у гасцях у сям’і жонкі. Усе разам, сем чалавек, паехалі пакатацца на аўтамабілі «Хамер». За рулём быў 16-гадовы падлетак (у ЗША вучаніцкія правы выдаюць пачынаючы з 15 гадоў).
Ехалі на гравійцы, шафёр недасведчаны, не даў рады кіраванню. У выніку машыну занесла, яна перакулілася. Ніхто ў салоне не быў прышпілены рамянямі бяспекі. Усе засталіся жывыя, апроч Данілы.
Даніла — пляменнік палітыка і хрысціянскага верніка Георгія Дзмітрука, аднаго з сустаршынь Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Бацькі Данілы даўно пераехалі з Беларусі ў ЗША, жывуць у штаце Каларада. Даніла нарадзіўся ўжо ў Штатах. Ён вучыўся ў Каларадскім універсітэце на інжынера.
«Даніла быў актывістам у царкве, кіраўніком музычнай групы пры царкве, — расказвае Георгій Дзмітрук. — У яго засталася жонка і сын, якому адзін год. Гэта ў нас позна жэняцца, а там рана».





