25 жніўня ў Магілёве ў далечыні ад людных вуліц адбыўся дазволены ўладамі 30-хвілінны пікет супраць закону аб адмене адтэрміновак ад войска, піша «Радыё Свабода».

За двума пікетоўцамі назіралі чацьвёра мужчынаў у цывільным, а таксама брыгада хуткай дапамогі з трох чалавек. Ля ўдзельнікаў прайшлі двое амапаўцаў.

Амапаўцы патрулявалі здалёк.

Амапаўцы патрулявалі здалёк.

Пікетоўцы стаялі на бегавой дарожцы стадыёну на вуліцы Чалюскінцаў. Ад гарадзкога цэнтру да гэтага месца можна дабрацца за 10 хвілінаў на грамадзкім транспарце.

Пікет ініцыяваў навучэнец магілёўскага эканамічнага прафэсійна-тэхнічнага каледжу Аляксей Маісееў. Ён вырашыў падтрымаць заклік руху РrotestBY, паколькі закон аб адмене адтэрміновак у хуткім часе закране і яго. Аляксей хоча працягнуць вучобу ў вышэйшай навучальнай установе. Ён скончыў два курсы каледжу, вучыцца засталося паўтары гады. «Я ня супраць тэрміновай службы, але, калі я хачу вучыцца, то чаму мне павінны гэта забараняць», — кажа ён.

Аляксей казаў Свабодзе, што кіраўніцтва каледжу, калі даведалася пра яго намер зладзіць пікет, «рэкамэндавала» адмовіцца ад гэтай ідэі і зьмірыцца зь непазьбежнасьцю тэрміновай службы. Яму сказалі, што сваёй акцыяй хлопец «падстаўляе» навучальную ўстанову. Паводле Аляксея больш прэтэнзіяў да яго не было. «Спадзяюся і ня будзе, бо я ж усё раблю паводле закону», — кажа ён.

Аляксей раней ня ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. За паслугі «хуткай дапамогі» хлопец заплаціў 12 рублёў. Паслугі міліцыянтам пакуль застаюцца не аплачанымі. За ўсё разам ён мае заплаціць каля 100 рублёў.

Да пікета Аляксея Маісеева далучыўся ягоны сябра, таксама Аляксей, які не пажадаў назваць сваё прозьвішча.

На працягу 30 хвілінаў пацікавіцца, што адбываецца на стадыёне, падышла толькі жанчына з унучкаю. Распытвала яна пра акцыю праваабаронцаў і журналістаў.

Мэдыкі з «хуткай дапамогі» здымалі пікет на відэа. Адзін зь іх сказаў, што бачыць пікет з двух удзельнікаў нязвыкла. «Гэты прыклад заразны, — заўважыў ён, — Магчыма далей будзе і больш».

Пікет прайшоў без эксцэсаў. Хлопцы падзякавалі за ўвагу, тым хто прыйшоў паглядзець на іх пратэст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?