Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра тое, чаму Беларусь насамрэч не імкнецца ў Раду Еўропы. 

Прачытаў чарговую рамантычную красату пра Беларусь у Frankfurter Allgemeine Zeitung: два ўплывовыя ў Еўропе палітыкі заклікаюць «ратаваць ад Расіі» краіну, назву якой яны дагэтуль не вывучылі (наша дзяржава завецца Belarus, не Weissrusland).

І самім аўтарам мне як бы і няма чаго прад’явіць — яны прапануюць меры зыходзячы з уласнага разумення таго, як зробленая і як працуе палітыка ў свеце. У артыкуле ёсць выраз «аўтарытарны рэжым», але сама логіка допісу ўкладае ў «аўтарытарызм» вельмі наіўныя канатацыі. Ну, быццам усё як у Нямеччыне, толькі прысутнічаюць невялічкія перагіны ў адпраўленні ўлады на самым версе.

Аўтары, вядома, чыталі Ханну Арэндт, але, відавочна, не могуць зразумець, што апісанае ёй зло і не думала заставацца ў XX стагоддзі. І што баяцца тут трэба не Пуціна, а сістэмы, якая вымушае людзей — кожнага ці амаль кожнага грамадзяніна — падзяляць агульную логіку і рабіцца асабіста адказным за ўсё, што адбываецца навокал.

Цікавостка цяперашняга моманту палягае ў тым, што «спасаць» беларусаў трэба ад саміх сябе, а не ад Расіі.

І той факт, што на наступны дзень пасля з’яўлення артыкула ў Weissrusland прайшло паседжанне, на якім абмяркоўвалася, як так кантраляваць інтэрнэт, «каб нас не падверглі санкцыям», — таму пацверджанне.

Ці можна чакаць ад еўрапейцаў разумення сацыяльных і псіхалагічных інсайтаў, якія недасяжныя нават для большасці насельніцтва тут? «Настройкай оптыкі» ўспрыняцця рэгіёна і зняццем ружовых акуляраў замежнікаў мусяць займацца эксперты, якія ў Беларусі ў большасці сваёй убудаваныя ў сістэму і служаць таму ж, што і «кандыдаты ад апазіцыі».

Дык хто я, пісьменнік, такі, каб лезці ў гэты расклад і нешта глабальна выпраўляць у ім?

То абвергну толькі самае відавочнае — тое, што не патрабуе гадзінаў тлумачэнняў.

Беларусь не адменіць смяротнае пакаранне.

Колькі б вы ні заклікалі да паўторнага рэферэндуму! Нават калі ён адбудзецца, будзе агучаны патрэбны сістэме вынік. Права караць смерцю, сама наяўнасць магчымасці выключыць з гульні любога грамадзяніна ці хаця б запужаць гэтым — неад’емная частка таго, пра што пісала Арэндт.

Беларусь не імкнецца ў Раду Еўропы. Насамрэч!

Што б там ні казалася на закрытых перамовах, зыходзьце з таго, што цяперашні напаўжывы фармат адносін з Захадам пры млявай перспектыве ягонага паляпшэння (млявай у той ступені, у якой гэтая перспектыва можа спужаць тых, хто вызначае ў Маскве цэны на газ і нафту) — ідэальны.

Большага супрацоўніцтва Беларусі ў яе цяперашнім стане не трэба. Бо калі б было трэба — яго б ужо выгандлявалі.

Чаму не трэба? Усё проста! У сітуацыі ізаляванасці ўсе ўнутраныя праблемы замкнутыя ўнутры краіны, усе яе жыхары могуць жаліцца на парушэнні правоў хіба тым жа, хто іх парушае. Калі Беларусь увойдзе ў Раду Еўропы, беларусы атрымаюць магчымасць жаліцца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. І я магу вас запэўніць, плынь расійскіх заяваў вам пасля гэтага падасца маленькім ручаём! Асабліва пасля «перагінаў» у ажыццяўленні правасуддзя, якія прызнаныя ўжо афіцыйна.

Беларусь не імкнецца да танных візаў і спрашчэння ўезду ў ЕС.

Я тут — заўважце — увесь час кажу не пра «беларусаў», а пра дзяржаву. Пры ўсіх афіцыйных заявах пра магчымасць спрашчэння, патаннення і г. д., візы тут робяцца ўсё даражэйшымі, выезд — усё цяжэйшым. Гэта — зноўку ж — логіка ізаляцыі. Моладзь мусіць заставацца ў краіне. Служыць у войску. Працаваць. Калі няма працы — збіраць камяні па палях ці выдзіраць дрот з шынаў. Калі і такой працы няма — плаціць падатак на дармаедства.

Усе спробы дапамагчы грамадзянскай супольнасці ўвапхнуцца ў тое, што ніякай іншай супольнасці, акрамя той, што мае чын не ніжэйшы за маёра, вам проста не пакажуць.

Вы чакаеце пераменаў?

Іх у Беларусі ўсталёўваюць віцэ-прэм’еры на час перад выбарамі.

Зыходзьце з гэтага. Пасля таго як выбары пройдуць, перамены і тыя «ініцыятывы па сумесным добраўпарадкаванні гарадоў», пра якія вы так натхнёна пішаце, згортваюцца з прычыны непатрэбнасці.

То чытайце Арэндт.

І наступным разам: Belarus, не Weissrusland. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?