Міліцыя 3 верасня затрымала падазраваных у разбойным нападзе на ювелірную краму «Яхант» па вуліцы Кісялёва ў Мінску. Зараз ажыццяўляюцца следчыя дзеянні. Па месцы жыхарства праведзеныя ператрусы, паведамляе прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.

Таксама правяраецца датычнасць затрыманых да здзяйснення іншых злачынстваў: яшчэ як мінімум трох разбойных нападаў на прыватныя дамы.

Нагадаем, што шкода, прычыненая краме ў выніку разбою, склала больш за 1 млн рублёў. Частка выкрадзенага была схаваная ў тайніку, абсталяваным дома ў сваякоў аднаго з падазраваных. Акрамя таго, канфіскаваныя пластыкавыя сцяжкі. Такія ж выкарыстоўваліся, каб звязаць супрацоўніка «Яханта».

Разбойны напад быў здзейснены 17 жніўня прыблізна ў 11.30. Двое мужчын увайшлі ў памяшканне, распылілі пярцовы газ, звязалі рукі аднаго прадаўца пластыкавай сцяжкай, а на другога надзелі кайданкі. Выкраўшы ўсе каштоўнасці з вітрыны, налётчыкі збеглі. Наведвальнікаў у краме ў гэты момант не было.

Па дадзеным факце Следчым камітэтам была заведзена крымінальная справа па арт. 207 (разбой, учынены групай асоб).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0