Напярэдадні святочных мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 1000-годдзя Брэста, у мясцовых жыхароў канфіскоўваюць зброю, паведаміў на сваёй старонцы ў сацсетцы брэсцкі відэаблогер Сяргей Пятрухін.

Пра гэта блогеру распавяла берасцейка. Яна напісала, што 3 верасня ёй патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі, які паведаміў аб неабходнасці апячатаць сейф, у якім муж жанчыны захоўвае паляўнічую стрэльбу.

«Я сказала, што зараз я не дома, знаходжуся на дачы ў сяброў, і магчымасці прыехаць няма. Ён адказаў: «Тады я апячатаю вашу кватэру і да 9-га [9 верасня завершыцца святкаванне тысячагоддзя] будзьце ласкавыя, не заходзіце туды, не маеце права». Я патэлефанавала дзяжурнаму Маскоўскага раёна горада Брэста і ён пацвердзіў: да 8-й раніцы ўсю гладкаствольную зброю павінны часова канфіскаваць, а наразную — апячатаць. Пры адсутнасці дома гаспадароў жыллё павінна быць апячатана да 9 верасня», — распавяла жанчына блогеру Пятрухіну, выказаўшы здагадку, што такія меры могуць быць звязаныя з прыездам на святкаванне 1000-годдзя «важных асоб».

У прэс-службе МУС TUT.BY пацвердзілі: напярэдадні свята ў Брэсце гладкаствольную зброю ў насельніцтва вырашылі на час забраць, а наразную — апячатаць. Робіцца гэта для таго, каб забяспечыць бяспеку грамадзян падчас правядзення масавых мерапрыемстваў, паведаміла афіцыйны прадстаўнік ведамства Вольга Чамаданава.

Сапраўды, у законе «Аб зброі» ўказана, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў маюць права «адбіраць на часовае захоўванне зброю і боепрыпасы, якія знаходзяцца ва ўласнікаў, уладальнікаў на законных падставах, у мэтах забеспячэння бяспекі ахоўных асоб і ахоўных аб'ектаў».

А вось на пытанне, ці можа супрацоўнік міліцыі ў адсутнасці гаспадароў апячатаць кватэру, у якой захоўваецца сейф з зарэгістраванай зброяй, прадстаўніца МУС адназначнага адказу не дала:

— Не выключаю, што такое можа быць на самай справе, — сказала Вольга Чамаданава.

Нагадаем, святкаванне 1000-годдзя ў Брэсце пройдзе 6—8 верасня. У адзін з дзён тут чакаюць прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?