Не так даўно ў сацыяльных сетках Укантакце і Фэйсбук запрацавала старонка «Беларускі бестыярый». «Роспачная спроба па крупінках сабраць і намаляваць духаў, істот і прывідаў беларускай міфалогіі», — адзначаецца ў апісанні.

Кожны панядзелак і чацвер у пабліках з’яўляюцца новыя персанажы. Чалавека, які ўзяўся за гэтую справу, завуць Яўген Кот. Ён пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў «НН».

«НН»: Яўген, хто вы такі і адкуль?

Яўген Кот: Ніколі не ведаў, як адказваць на такія пытанні (усміхаецца). Мабыць, просты беларус, нарадзіўся і жыву ў Гомелі, працую дызайнерам, люблю падарожнічаць, цікаўлюся культурай, архітэктурай, міфалогіяй.

«НН»: Адкуль такое незвычайнае хобі, як беларускія нячысцікі, дэманы, прывіды?

ЯК: Захапленне бестыярыем і міфалогіяй пачалося зусім спантанна ў сярэдзіне 90-х з куплі «Кнігі выдуманых істот» Борхеса. Пачаў прагна збіраць інфармацыю пра міфічных персанажаў. У пачатку 2000-х гэта вылілася ў стварэнне тэматычнага сайта.

Непасрэдна тэма беларускіх нячысцікаў з сусветнай (ці нават славянскай) міфалогіі вылучылася для мяне параўнальна нядаўна. Даступную літаратуру менавiта па беларускай міфалогіі знайсці было значна складаней, чым па папулярных грэцкай, скандынаўскай і агульнаславянскай (хоць, як правіла, у рускамоўных выданнях славянская міфалогія ахоплівае амаль выключна рускую і трохі ўкраінскую).

Агнявік — адзін са шматлікіх хатніх духаў, якога ўяўлялі ў выглядзе невялічкай касматай істоты, што жыла ў печы і з нуды скідвала ежу ў агонь ці падмешвала попел у стравы.

Агнявік — адзін са шматлікіх хатніх духаў, якога ўяўлялі ў выглядзе невялічкай касматай істоты, што жыла ў печы і з нуды скідвала ежу ў агонь ці падмешвала попел у стравы.

Цяпер ужо пры развіцці iнтэрнэту ёсць магчымасць знайсці і акадэмічныя выданні, і дарэвалюцыйныя, і замежныя.

«НН»: Чыталі ў дзяцінстве «Заклятыя скарбы»?

ЯК: Не, гэтая кніга мне трапілася параўнальна нядаўна, ужо ў дарослым узросце.

Для мяне беларуская міфалогія пачыналася з «Міфаў бацькаўшчыны» Васілевіча, з яго ж «Зямной дарогі ў вырай». Потым ужо па бібліяграфіі гэтых кніг — палез глыбей.

«НН»: Як вы пачалі маляваць нячысцікаў?

ЯК: Хацелася неяк у меру сіл паўдзельнічаць у папулярызацыі роднай міфалогіі. Вельмі крыўдна, што беларусы больш ведаюць аб рускай міфалогіі (дзякуючы тым жа народным казкам) або любой іншай замежнай, чым аб роднай. А за мяжой дык і наогул мала хто ўяўляе, што беларуская міфалогія існуе, калі і атрымаецца сустрэць беларускага нячысціка ў англамоўнай літаратуры, то ён хутчэй за ўсё будзе адзначаны як славянскі ці рускі.

Азярніцы — паводле мясцовых легенд, адзін з відаў русалак, якія маюць доўгія валасы і ступні ў выглядзе плаўнікоў. I хоць знешне істоты нагадваюць людзей, замест крыві ў іх нібыта вада і на дотык яны вельмі халодныя. Калі раптам які чалавек убачыць азярніц, ён не павінен сябе выдаць, бо азярніцы зацягнуць яго да сябе, у самую багну, і ўжо не адпусцяць.

А яшчэ пры ўсім багацці беларускай народнай дэманалогіі ілюстрацыі нашых родных нячысцікаў, у адрозненне ад персанажаў іншых міфалогій, — сапраўдная рэдкасць. Фактычна малюнкі беларускага бестыярыя ёсць толькі ў Славука.

Ён выдатны мастак, яго стыль, напэўна, знаёмы кожнаму беларусу, напрыклад па кнігах серыі «Бібліятэка прыгод і фантастыкі» выдавецтва «Юнацтва». Але ж беларускія мiфiчныя iстоты ў Славука дастаткова лубачныя і нейкія ўсе ж стэрэатыпныя. Можна разгарнуць кнігу «Чароўны свет» пра нячысцікаў з ілюстрацыямі Славука на выпадковай старонцы, і з вялікай верагоднасцю там будзе гэтакі лагодны сялянскі дзядок з сівой барадой, у саламяным капелюшы, у лапцях і з торбай цераз плячо — неяк так заўсёды паказвалi мужыка-беларуса.

Я не кажу, што гэта дрэнна, але гэта аднабакова. Міфалогія непазбежна развіваецца разам з грамадствам, і мне хацелася б паказаць, што міфічныя персанажы — гэта не абавязкова дамавічок Кузя або дзед-барадзед, якія візуальна захраслі ва ўзорна-паказальнай славянскай вёсцы канца 19 стагоддзя.

Аржавеннік — адзін з беларускіх балотных духаў, гаспадар аржавення. Брудна-руды, з надзвычай тоўстым жыватом і тонкімі, як сцябліна хвашчу, нагамі, з іржавымі прыліпамі да ўсяго яго покрыва; увесь час рыгае і не можа прыцягнуць да сябе ўвагу нават неразборлівых нячысцікаў, а ўсе жывыя істоты абыходзяць яго жытло.

Таксама, на маю суб'ектыўную думку, вобразы міфічных персанажаў не павінны фармавацца па адзінай ілюстрацыі, таму я імкнуўся абстрагавацца ад ілюстрацый Славука і задаўся мэтай прадставіць нячысцікаў у іншай канцэпцыі. Мне цікава шукаць вытокі фактараў і матываў, на падмурку якіх маглі сфармавацца тыя ці іншыя вобразы, і як маглі б выглядаць беларускія мiфiчныя істоты, жыві яны ў свеце, дарэчным не толькі ў дзіцячай казцы, але і, скажам, у сучасным дарослым фэнтэзі.

Апівень — паводле беларускіх павер’яў, нячысцік, які чапляецца да людзей, схіляючы іх да п’янства. Апівень ніколі не прамінае ніводнага застолля. Ён сочыць за тым, хто і колькі выпівае. Не вельмі пітушчых апівень падбухторвае, а калі яму гэта не ўдаецца — падсыпае нейкага зелля, пасля чаго чалавек робіцца зусім п’яны.

Таму, напрыклад, апісаны ў крыніцах «крук у жалезнай бабы, якім яна чапляе непаслухмяных дзяцей», я малюю не як серп у руках, а як вялікі кіпцюр; або заплечны мяшок хапуна ці бабая — як касцяны горб-нараст, які фарміруе характэрны сілуэт. Ці вось нядаўна ў мяне адбылася спрэчка з нагоды аблічча персанажа, вядомага, мабыць, толькі па дзіцячай калыханцы: «Ішоў Бай па сцяне ў чырвоным жупане». Гэты Бай начамі нябачна блукае па сценах і сваім ледзь чутным меладычным спевам усыпляе дзяцей, за што атрымлівае ад удзячных гаспадароў штодзённую міску малака і лыжку кашы.

Бай — паводле беларускага фальклору, істота, якая начамі нябачна блукае па сценах сялянскай хаты і сваім ледзь чутным меладычным спевам усыпляе дзяцей, за што атрымлівае ад удзячных гаспадароў штодзённую міску малака і лыжку кашы.

У Славука гэта зноў жа дзядок (капялюш, лапці, сівыя вусы — усё пры ім), які гуляе па сцяне! І мне зноў жа казалі, што павінна быць менавіта так, бо канон. А ў мяне ў дадзеным выпадку ідэя была ў тым, што істота, якая ходзіць па сценах, выдае меладычныя гукі і мае чырванаватую скуру (як прататып для паэтычнага «чырвонага жупана»), відавочна падобна да яшчаркі ці нават да гекона.

Кастамахі — згодна з павер'ямі ўсходняга Палесся, нябожчыкі, якія ўжо згнілі да касцей, уcтаюць з магіл і страшаць людзей, якія праязджаюць побач.

Кастамахі — згодна з павер'ямі ўсходняга Палесся, нябожчыкі, якія ўжо згнілі да касцей, уcтаюць з магіл і страшаць людзей, якія праязджаюць побач.

«НН»: Не бывае страшна так глыбока пагружацца ў свет дэманаў?

ЯК: А нашыя дэманы не злыя. Як ты да іх ставішся, так і яны да цябе, усё чэсна.

«НН»: А самі ні з чым містычным у жыцці не сутыкаліся?

ЯК: Можа, і сутыкаўся, але ж беларускія нячысцікі паспяхова гэта ад мяне хаваюць (усміхаецца).

Зазоўка — паводле паданняў з Вілейшчыны, нейкая лясная дэманічная істота ў выглядзе прыгожай дзяўчыны з доўгімі валасамі, якая заварожвала юнакоў і заводзіла іх у гушчар.

Зазоўка — паводле паданняў з Вілейшчыны, нейкая лясная дэманічная істота ў выглядзе прыгожай дзяўчыны з доўгімі валасамі, якая заварожвала юнакоў і заводзіла іх у гушчар.

«НН»: Вы верыце ў Бога?

ЯК: Скажам так, я веру ў Бога, але не веру ў царкву. А яшчэ веру ў людзей і ў нячысцікаў, так што хай і яны ў мяне вераць (усміхаецца).

«НН»: Ці існуюць у вас любімыя нячысцікі? Калі так, то, можа, назавяце трох.

ЯК: Напэўна, банальна, але першы — гэтя беларускі Цмок. Вельмі цудоўны вобраз, які, знаходзячыся паміж аднолькава агрэсіўнымі заходнім Драконам і рускім Змеем Гарынычам, максімальна добразычлівы да людзей.

Лепельскія цмокі добразычлівыя да людзей.

Лепельскія цмокі добразычлівыя да людзей.

Другім хай будзе Дабрахожы — гэта з аднаго боку дух-захавальнік лесу, але як толькі дрэвы становяцца зрубам для хаты — дабрахожы зараз жа аказваецца хатнім духам. Да таго ж ён хутка адаптуецца пад сучасныя рэаліі, калі ў запісах XIX стагоддзя ён апісваўся як «хлопец на кані», то ў канцы ХХ стагоддзя — гэта ўжо «начальнік у пінжаку з бліскучымі гузікамі». Проста выдатны прыклад развіцця і асучасвання фальклору. Яшчэ, кажучы сучаснай жа мовай, Дабрахожага можна смела назваць эмігрантам ці нават гастарбайтарам — у польскамоўнай літаратуры за некалькі стагоддзяў з усходу Рэчы Паспалітай ён пераехаў на ўсход Польшчы і такім чынам фактычна перабраўся з Магілёўшчыны ў Падляшша.

Крыжацік. Гэтага крумкача, ахоўніка могілак, прыдумаў сам Яўген.

Крыжацік. Гэтага крумкача, ахоўніка могілак, прыдумаў сам Яўген.

Ну і трэцім назаву, мабыць, Крыжацiка — духа ў абліччы сівога крумкача з чалавечымі вачыма. На самай справе, гэта быў нейкі мой сацыяльны эксперымент, хацелася прасачыць, як распаўсюджваецца інфармацыя ў сучасным свеце i сецiве. Так, я проста прыдумаў гэтага персанажа, дадаў яго на свой сайт. Праз гады ён ужо без майго ўдзелу разляцеўся па сетцы, і нават адзначыўся ў некалькіх друкаваных кнігах — у польскім выданні па славянскай дэманалогіі і ў мастацкай кнізе, cлавянскім фэнтэзі.

«НН»: Якую самую незвычайную гісторыю, якая здаралася на нашых абшарах, вы чулі ці чыталі?

ЯК: Напэўна, самая незвычайная — гэта пра прывід панды ў Любчанскім замку:

«У нясвіжскіх Радзівілаў была ў Смаргоні мядзведжая акадэмія. А Багуслаў Радзівіл вырашыў іх пераплюнуць і прывёз сабе ў Любчу панду. Гэтая панда жыла ў вежы ля каміна, бо ёй было холадна. І ад каміна зрабілася шэрай. Пасля чаго звар’яцела. Яе забілі і закапалі ў парку. З таго часу яна і пужае ўсіх наведнікаў замка».

Чорная свіння аршанскага млына.

Чорная свіння аршанскага млына.

Гісторыя, мабыць, нядаўна прыдуманая, але досыць пацешная. І што немалаважна, падобных гісторый пры жаданні можна адшукаць і ў больш ранніх крыніцах. Вось, напрыклад, у «Беларускім зборніку» Раманава, выдадзеным у 1912 годзе, ёсць вось такі тэкст:

«У 1890-х гадах у мястэчку Ветка чорт вылез з ракі Сож у выглядзе карліка з паўаршына ростам, у круглай шапачцы, і катаўся на палачцы, як гэта робяць дзеці. Пазней бачылі, як ён катаўся ў малюсенькай лодачцы. Пасля гэтага бачання ў Ветцы былі тапельцы.

Людзей, якія бачылі чорта, вельмі шмат. Асабліва часта бачаць яго жанчыны: адна выцягне яго вядром з калодзежа; у іншай ён вылез з-пад падлогі; трэція лавілі рыбу брадніком і выцягнулі чорта ў выглядзе вялікага сома. Усе гэтыя чэрці з рогатам сыходзілі ад жанчын. Мужчыны бачаць чорта звычайна паблізу шынкоў, у выглядзе высокага чорнага чалавека, зарослага валасамі і з хвастом».

Прывід Чырвонага балота пад Мазыром, дзяўчынка з вачыма колеру бруднай вады, якая прапануе заблукаламу вандроўніку жменю воўчых ягад у далоні.

Прывід Чырвонага балота пад Мазыром, дзяўчынка з вачыма колеру бруднай вады, якая прапануе заблукаламу вандроўніку жменю воўчых ягад у далоні.

«НН»: Ці беларускія дэманы адрозніваюцца нечым ад дэманаў суседніх краін? Ці яны паўсюль падобныя?

ЯК: Вобразы міфічных персанажаў так ці інакш фармуюцца з улікам сацыяльных і прыродных фактараў. Таму ў нас проста ўнікальнае багацце азёрных і балотных нячысцікаў. Яшчэ беларуская дэманалогія цікавая «падзелам працы» сярод нячысцікаў, у нас кожная гаспадарчая пабудова, кожны род дзейнасці, кожны тып лесу, вадаёма, балота — мае свайго ўнікальнага духа, які не суецца ў справы сваіх суседзяў па цэху.

Хапун — міфічная істота, якая скрадае дзяцей.

Хапун — міфічная істота, якая скрадае дзяцей.

Таксама ў нас мноства пудзілаў — нячысцікаў, прыдуманых для адваджвання дзяцей ад небяспечных спраў цi месцаў. І дэманаў-спакуснікаў, якія альбо зводзяць беларуса, альбо падштурхоўваюць яго да нейкіх асацыяльных дзеянняў.

І яшчэ варта ўлічваць, што Беларусь у перыяд зараджэння цікавасці да этнаграфіі і фальклору паспела пабываць у складзе адзінай дзяржавы і з Расіяй, і з Польшчай, што так ці інакш паўплывала на тое, як нейкія нашы нячысцікі аказаліся прылічанымі да рускіх, а нейкія да польскіх. Нават калі адкрыць «Рускія народныя казкі» Афанасьева, можна ўбачыць указанні, што тая ці іншая казка запісана ў Беларусі ці Украіне і не мае аналагаў у іншых рэгіёнах.

«НН»: Якія ў вас планы развіцця ў будучыні?

ЯК: У перспектыве планую выдаць кнігу з уласнымі малюнкамі. На гэтую ідэю падштурхнуў і той факт, што замежным сябрам, як аказалася, і падарыць няма чаго — аб нашай міфалогіі няма выданняў на замежных мовах. Таму хочацца зрабіць выданне на некалькіх мовах, у фэйсбуку якраз тэксты публікую на беларускай, рускай, англійскай і польскай. І паралельна з малюнкамі рыхтую макеты, па сутнасці, на сотню старонак кнігі матэрыялу ўжо набралася. Мабыць, у найбліжэйшы час пайду знаёміцца з нашымі выдавецтвамі.

Туросік — небяспечны дэман з лясоў паўночнага захаду Беларусі-Літвы, які ў выглядзе тура альбо аленя з залатымі рагамі завабліваў падарожнікаў у гушчар ці багну.

Туросік — небяспечны дэман з лясоў паўночнага захаду Беларусі-Літвы, які ў выглядзе тура альбо аленя з залатымі рагамі завабліваў падарожнікаў у гушчар ці багну.

Таксама, калі ў падпісчыкаў будзе цікавасць, надрукуем паштоўкі і календары — планаў безліч, хапіла б часу і сіл!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?