У Докшыцкім раёне двое злодзеяў, хаваючыся ад пераследу, кінулі ў лесе выкрадзеную машыну з 10-гадовым дзіцем у салоне, паведамляе віцебская міліцыя.
Двое вяскоўцаў (17 і 18 гадоў) папрасілі ў прыяцеля яго аўтамабіль, каб пакатацца па наваколлі. Атрымаўшы адмову, яны, пакуль уладальнік машыны спаў, забраліся ў яго дом, узялі ключы ад аўто і з'ехалі. З сабой маладыя людзі ўзялі 10-гадовую дачку сваёй знаёмай.
Праз некаторы час гаспадар машыны выявіў прапажу і паведаміў у міліцыю. Супрацоўнікі праваахоўных органаў знайшлі аўтамабіль і пачалі пераслед зламыснікаў. Тыя паспрабавалі схавацца ў лесе, аднак там машына заглухла. Злодзеі кінулі аўто разам з дзяўчынкай. Міліцыянеры высветлілі асобы падазраваных, а дзіця вярнулі маці.





