У гэтую восеньскую суботу Купалаўскі тэатр гучна адзначыў пачатак 100-га творчага сезона. 21 верасня ў цэнтры Мінска прайшоў першы ў краіне тэатральны пікнік. Госці паставіліся да мерапрыемства адказна. «І няхай крапае, крапае з неба», але многія прыйшлі з пледамі і бутэрбродамі — пікнік усё ж такі. Было шмат музыкі і ежы, прагулкі па закуліссі з дворнікам Горватам, урокі тэатральнага этыкету і нават адкрыты кастынг акцёраў на ролю ў Купалаўскім.

Лета — гэта не пара года, а стан душы, — вырашылі купалаўцы і аб’явілі тэатральны пікнік. Усім гасцям свята прапаноўвалі браць з сабой коўдры, і не дарма: уладальнік самага вялікага пледа атрымаў запрашэнне на закрытыя паказы прэм’ерных спектакляў цягам усяго 100-га сезона. Уладальніцамі гэтага каштоўнага прыза сталі Ганна Восіпава і Данара Гарэцкая. Дзеля права бачыць прэм’еры Купалаўскага раней за астатніх дзяўчаты цэлы дзень сшывалі 9 пледаў у адзін — атрымалася 19 квадратных метраў цёплай тканіны. Другое месца і запрашэнне на перадпаказы прэм’ер атрымала Марыя Дзмітрусік з пледам на 12,6 квадратнага метра. Такімі коўдрамі можна сагрэць ці не палову парку!

Ад 7-й гадзіны ранку пляцоўку Аляксандраўскага сквера для гасцей рыхтаваў аўтар нашумелай кнігі «Радзіва Прудок» Андрусь Горват. Да ўзлёту літаратурнай кар’еры Андрусь працаваў дворнікам у Купалаўскім тэатры і ў гонар свята на адзін дзень вярнуўся на былую работу. Да 23:00 папулярны пісьменнік падмятаў лісце і рабіў прастору сквера камфортнай для наведвальнікаў. У дадатак да асноўнай працы, абаяльны дворнік паспеў правесці гасцей па закуліссі Купалаўскага. Экскурсіі ўключалі агляд грымёрных пакояў, майстэрняў ды іншых памяшканняў і калідораў, звычайна схаваных ад вачэй гледача. Урэшце, 21 верасня ўпершыню гледачы змаглі паглядзець спектакль «Радзіва Прудок» на адкрытым паветры — жывую трансляцыю з тэатральнай сцэны ладзіў відэасэрвіс VOKA.

Вядомая блогерка і спецыялістка па этыкеце Аксана Зарэцкая расказала мінчукам, як прыйсці ў тэатр і не выглядаць дзіваком. Прафесіяналка грымёрнага рамяства Міраслава Дэксі на вачах публікі змяняла знешнасць мадэляў да непазнавальнасці. Дзеці асабліва ўпадабалі аніматарскую пляцоўку, дзе маглі атрымаць у падарунак цацку або пазмагацца на «шпагах», вырабленых з паветраных шароў. Там жа іх бацькі прымяралі на сябе вусы Янкі Купалы і антуражны касцюм. Акрамя сталай тэатральнай кавярні «Уршуля», у скверы працаваў street-буфет, які частаваў наведвальнікаў аўтарскімі тэатральнымі сэтамі: «Ноч на Каляды», «Чорная панна Нясвіжа», «Людзі на балоце», «ЧайКа» ды іншымі стравамі.

Як кажуць, таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім — шмат хто з купалаўцаў таксама займаецца музыкай. Напрыклад, адзін з гуртоў, які выступаў на пікніку, — ili-ili — гэта праект акцёраў Дзмітрыя Есяневіча, Міхаіла Зуя і музыканта тэатральнага аркестра Эрыка Арлова-Шымкуса. Акрамя іх, у музычнай праграме узялі ўдзел Ягор Забелаў, Святлана Бень, гурт «Касіяпея» ды іншыя. Асобнай часткай праграмы стаў канцэрт купалаўцаў, дзе тыя выконвалі найлепшыя свае песні са спектакляў «Паўлінка», «Тэатр Уршулі Радзівіл», «Местачковае кабарэ», «Вельтмайстар-акардэон», «Пінская шляхта».

Завяршыў мерапрыемства святочны канцэрт, але перад тым Купалаўскі тэатр правёў першы ў гісторыі адкрыты кастынг. Проста на вуліцы кожны ахвотны мог выйсці на сцэну і цягам хвіліны прадэманстраваць свае таленты. Па выніках кастынгу члены журы — Раман Падаляка і Павел Харланчук — адабралі па тры фіналісты ў дарослай і дзіцячай узроставых групах. Сярод дзяцей фаварытамі сталі Мілана Кулішова, Таццяна Туроўская і Ганна Моштыль. У дарослай катэгорыі у фінал прайшлі Тамара Дземянчук, Кацярына Кончыц і Вераніка Манкевіч. Канкурсанты спявалі, зачытвалі маналогі, дэкламавалі вершы класікаў і нават уласнага сачынення. Бліжэйшым часам рэжысёры Купалаўскага абяруць з фіналістак дзвюх акцёрак, якія выступяць на вялікай сцэне ў спектаклях «Паўлінка» і «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». І такія цуды здараюцца… раз на сто гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?