Беларусь называюць часам малой краінай. Калі меркаваць пра гэта на падставе тэрыторыі, то тут відавочная памылка, але ў геапалітычным сэнсе гэты тэзіс можа здавацца падобным да праўды. Беларусь не можа аказваць ціск на міжнародных партнёраў, змушаючы іх да карысных нам рашэнняў. Для гэтага мы проста не маем моцы: магутнай эканомікі, уплывовых прыродных рэсурсаў альбо грознага войска.

Але не варта забывацца пра мяккую сілу, з дапамогай якой можна дасягаць не меншых вынікаў. Гэта канцэпт палітычнага ўплыву, распрацаваны ў 1990-я гарвардскім прафесарам паліталогіі Джозэфам Наем.

Мяккая сіла — гэта ўплыў дзякуючы добраахвотнаму ўдзелу і сімпатыі, прыцягальнасці ідэяў, культуры і мастацтва. 

У беларускай мяккай сілы ёсць свае моцныя бакі: прыязнае стаўленне суседзяў, імідж донара бяспекі ў рэгіёне, рэпутацыя вытворцы традыцыйна неблагіх тавараў. Яшчэ лепшы патэнцыял гэтай мяккай сілы, які здолее праявіцца, калі правільна ёю карыстацца. Вось пяць парадаў, як гэта слушна рабіць.

1. Прасоўваць беларускія тавары і змагацца з падробкамі

Ужо сёння брэнд «Зроблена ў Беларусі» вельмі моцны на постсавецкай прасторы. Згадайце як мінімум шматлікія крамы беларускіх харчоў — ад Украіны да Казахстана. 

Нават у беларускім павільёне на ВДНХ у Маскве я асабіста бачыў вялікія чэргі за беларускімі кілбасамі ды касметыкай.

І не дзіва — як сведчаць даследаванні, толькі нямецкай якасці ў Расіі давяраюць болей, чым беларускай.

Але гэты давер лёгка згубіць, калі пад брэндам нашай краіны і надалей будуць часцяком прадаваць нізкаякасныя лакальныя сурагаты. Напрыклад, на Чарнігаўшчыне злавілі махляроў, якія штодня з тоны адходаў рабілі падробкі пад беларускае малако ды масла. З такімі выпадкамі варта змагацца, у тым ліку пільна адсочваць і легальныя мясцовыя фэйкі, якія спрабуюць выдаць сябе за нешта беларускае. Але мала звяртацца да мясцовых сілавікоў — трэба ствараць умовы для зручнай легальнай супрацы з беларускімі вытворцамі.

2. Надаваць увагу культурніцкай місіі амбасадаў, ствараць гібрыдныя інстытуты

Прасоўваць беларускую прадукцыю за мяжой — добрая справа, але дзейнасць дыпламатаў не можа зводзіцца да гэтага. Амбасады не мусяць ператварацца ў гандлёвыя прадстаўніцтвы «савецкіх заводаў», у якіх кульгае ўласны маркетынг. Культурная дыпламатыя мусіць быць важным сумесным напрамкам працы МЗС і Мінкультуры.

Дарэчы, адмыслоўцы сведчаць, што рост мяккай сілы на 1% павялічвае і экспарт на 0,8%.

Так што варта ствараць сетку адмысловых гібрыдных інстытутаў — на ўзор Брытанскай Рады альбо Гётэ-Інстутыта. Гэткія ўстановы маюць фінансавую і арганізацыйную падтрымку сваёй дзяржавы, супрацоўнічаюць з культурным аддзелам амбасады, але ў той жа час прымаюць рашэнні дастаткова аўтаномна. 

3. Паслядоўныя крокі лепшыя за адзін інтэнсіўны рывок

У пэўным сэнсе з мяккай сілай — гэта як са спортам: працаваць трэба паступова, рэгулярна і згодна з планам. А аднаразовая трэніроўка з прыкладаннем вялікіх намаганняў, хутчэй, прывядзе да траўмы.

Беларускай культурнай дыпламатыі не стае стратэгіі, і ў такіх умовах асобныя гучныя падзеі вядуць, хутчэй, да не менш гучных скандалаў.

Тыповы прыклад — гастролі ў Вільні ў 2018-м годзе беларускага балета «Вітаўт». Ідэя была быццам добрая: прадэманстраваць суседзям выдатны твор мастацтва на зразумелую ім тэму. У анонсе нават пазначылі, што спектакль адбудзецца «спецыяльна да стагоддзя незалежнасці Літвы», што адлюстроўвае погляд афіцыйнай Вільні.

Але шырэйшы кантэкст — негатыўныя двухбаковыя адносіны, сапсаваныя АЭС у Астраўцы. І на гэтым фоне замест трыумфу культурнай дыпламатыі атрымаўся гучны палітычны скандал. Міністарка культуры Літвы назвала балет «правакацыяй» — «з улікам намаганняў нашых усходніх суседзяў выкарыстоўваць культуру і мастацтва як інструменты мяккай сілы».

Куды лепшы прыклад — досвед прагрэсіўнага амбасадара Кірыла Рудага ў Кітаі. Ён пачаў кампанію па прасоўванні карэктнага іерагліфічнага напісання назвы нашай краіны.

Жыве 白罗斯! Болей ніякай 白俄罗斯 — «Белай Расіі».

У Сіяньскім універсітэце замежных моў у 2018-м годзе адбыўся першы набор на аддзяленне беларускай мовы; там жа адкрыты помнік Янку Купалу. Нават малодшы сын прэзідэнта Мікалай Лукашэнка віншаваў кітайцаў з Новым годам па-кітайску і акампанаваў за раялем кітайскай спявачцы.

З улікам памераў Кітая гэта пакуль што кропля ў моры, але разам з тым і досвед, які могуць пераймаць іншыя амбасады.

4. Выкарыстоўваць патэнцыял беларускай дыяспары

Беларускія эмігранты — гэта не безадказныя дэзерціры, а патэнцыйная крыніца карысных кантактаў за мяжой, сучаснага досведу і нават інвестыцый. Але для ўсяго гэтага трэба ствараць умовы, наладжваць супрацу.

Напачатку 2018-га года ад беларускай улады прагучала прагрэсіўная ідэя: выдаваць беларусам замежжа «пасведчанне суайчынніка», дакумент, які дазволіць структураваць актыўную дыяспару. На жаль, пакуль не бачна рэальнай працы ў гэтым кірунку.

Але «картка беларуса» — гэта, у любым разе, толькі пачатак, трэба ствараць рэальныя эканамічныя стымулы.

Напрыклад, Ірландыя плаціць прадстаўнікам дыяспараў грашовую ўзнагароду за кожнае працоўнае месца, створанае дзякуючы прыцягнутым з іх дапамогай замежным інвестыцыям. А Індыя прыцягвае індусаў дыяспары пяцігадовай візай і магчымасцю атрымаць эканамічныя правы як у паўнавартаснага грамадзяніна. 

5. Пашыраць веды пра Беларусь за мяжой

Кожны з нас сутыкаўся са складанасцямі, калі знаёміўся з замежнікамі і спрабаваў патлумачыць, дзе знаходзіцца Беларусь і што там ёсць акрамя Лукашэнкі. Як сведчаць даследаванні, пакуль што найбольшую пазітыўную ўвагу краін-суседзяў Беларусь прыцягвае дзякуючы спартыўным спаборніцтвам. Але ж не Еўрапейскімі гульнямі адзінымі!

Адкуль замежнікі могуць даведацца пра Беларусь? Праз свае медыя, якім яны давяраюць. Таму варта арганізоўваць прэс-туры для журналістаў вядучых заходніх выданняў (а не як цяпер — для маргінальных расійскіх СМІ ды блогераў). Адпаведна, уражваць гасцей трэба доступам да цікавай інфармацыі і добрымі ўмовамі працы, а не частаваннем чорнай ікрой і бутэлькай гарэлкі ў падарунак.

Не абысціся і без абмежавання празмернай актыўнасці сілавікоў.

Недапушчальныя такія інцыдэнты, як улетку ў Брэсце, калі нейкія мужчыны ў цывільным корпаліся ў камп’ютары амерыканскага журналіста, пакуль ён адсутнічаў у гатэлі. Тое ж тычацца затрымання турыстаў, якія не ведалі пра сакральнасць помніка гарадавога ў Мінску.

А вось павелічэнне тэрмінаў бязвізавага знаходжання ў Беларусі для грамадзянаў 73 краін і пашырэнне ды аб’яднанне бязвізавых зонаў на захадзе Беларусі — выдатны крок, які можна толькі вітаць.

Бо адна з прычынаў дрэннага альбо індыферэнтнага стаўлення да Беларусі — мізэрная колькасць рэальных кантактаў з беларусамі, асабістага досведу падарожжаў.

Для павелічэння транспамежных людскіх кантактаў варта працягваць візавую лібералізацыю, актыўна прасоўваць нашу краіну як турыстычны напрамак і ствараць цікавыя нагоды наведаць Беларусь.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?