«Наша Ніва» пагутарыла са скульптарам, аўтарам помніка, Мікалаем Капшаем пра тое, чаму помнік зроблены ў выглядзе «Барысаў-Арэны».

«Гэта была канкрэтная замова яго сваякоў, што помнік павінен нагадваць «Барысаў-Арэну». Ды гэта і зразумела. Стадыён — гэта яго дзіця, гэта мара Анатоля Анатолевіча», — расказвае скульптар.

Капшаю спатрэбілася чатыры месяцы, каб зрабіць помнік.

«Сам помнік ад пачатку да канца прыдумаў я. Я быў асабіста знаёмы з Капскім і ведаў, што гэта чалавек сціплы, ніколі не гнаўся за модай, не любіў публічнасці. І яшчэ Анатоль вельмі не любіў яркія, чырвоныя колеры», — кажа Мікалай Капшай.

Лейтматывам помніка, канечне, стаў футбол. Не толькі абрысы помніка нагадваюць «Барысаў-Арэну», але і некаторыя элементы таксама адсылаюць да футбольнай тэмы. Вазы, напрыклад, выкананыя ў форме кубкаў, ёсць элементы, якія паўтараюць футбольны мяч.

«Вы ведаеце, што Анатоль Анатолевіч пахаваны побач са сваім бацькам? Дык вось, помнік бацьку Капскі замаўляў сам. Таму маёй задачай як скульптара было зрабіць так, каб гэтыя два помнікі гарманіравалі. Дарэчы, яны выкананыя з аднаго і таго ж каменю», — дадаў скульптар.

Мікалай Капшай прызнаўся, што ўжо наведаў магілу Капскага. І сваёй працай застаўся задаволеным.

«Спадзяюся, што Анатолю Анатолевічу таксама спадабалася», — дадаў скульптар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?