Ураджэнец Магілёўшчыны, які цяпер жыве ў Маскве, распавёў пра тое, што ўначы пранікаў у царкоўныя будынкі, выкрадаў іконы і залатыя вырабы для далейшага продажу, перадае гомельская міліцыя. 

У канцы ліпеня 2019 года ў Гомельскі РАУС паступіў зварот аб тым, што невядомы пранік у Свята-Екацярынінскую царкву ў вёсцы Гадзічава і выкраў абраз Божай Маці «Усіх тужлівых радасць», іконе больш як 120 гадоў.

У пачатку верасня з храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Леніна Добрушскага раёна скралі абраз «Змякчэння злых сэрцаў» і залатыя ўпрыгажэнні. Адначасова з царквы Увядзення ў Храм Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Дуброўка прапалі залатыя ювелірныя ўпрыгажэнні.

Следчыя прааналізавалі гэтыя злачынствы і знайшлі падабенства з крадзяжамі з цэркваў, здзейсненымі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў удалося выйсці на след 29-гадовага грамадзяніна.

У ноч на 25 верасня аператыўнікі крымінальнага вышуку Добрушскага РАУС у вёсцы Дуброўка затрымалі мужчыну з доказамі злачынства. Ён ізноў узламаў замок у царкве Увядзення ў Храм Прасвятой Багародзіцы, вынес два каштоўныя абразы, схаваў на могілках і чакаў таксі, але сустрэў сышчыкаў.

Па ўсіх фактах здзяйснення крадзяжоў заведзены крымінальныя справы. У цяперашні час з затрыманым, які, як аказалася, раней неаднаразова судзімы, працуюць следчыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0