Прэміі Гедройца ўжо восем гадоў. За гэты час яна стала найбольш прэстыжнай літаратурнай узнагародай нашай краіны. І справа не толькі ў добрай працы журы, асвятленні ў СМІ, але і ў значнай грашовай падтрымцы. Спачатку прэмія спансіравалася толькі з польскага боку, але з часам да яе далучыліся і беларускія кампаніі і бізнэсмены.

Таму якраз вакол Гедройца ўзнікае столькі дыскусій, нейкіх інтрыг, часам скандалаў. Здаецца, сёлета ўпершыню два значныя пісьменнікі — Андрусь Горват і Альгерд Бахарэвіч — адмовіліся ад удзелу ў прэміі. Ясная справа, што без іх Гедройц збяднеў, але не аднымі імі жыве літаратура. Напрыклад, яшчэ адзін звышпапулярны аўтар Віктар Марціновіч нават не прайшоў у кароткі спіс. Занадта папсовы, ці што?

Альгерда Бахарэвіча, як рэкардсмена, згадваў у сваёй прамове вядучы, паэт Андрэй Хадановіч. Справа ў тым, што Бахарэвіч аж пяць разоў быў у тройцы лаўрэатаў, але ні разу так і не атрымаў галоўны прыз. І такое бывае. Затое на шведскай выспе Готланд (пуцёўку туды атрымліваюць за другое месца) Бахарэвіч стаў амаль сваім.

Ну і яшчэ адна інтрыга, якую абмяркоўвалі перад прэміяй — галоўны прыз яшчэ ніводнага разу не атрымлівала жанчына. На гэты раз у выніковую «шасцёрку» трапілі дзве жанчыны — Алена Брава і Юлія Шарова. Сярод іншых прэтэндэнтаў — Міхал Андрасюк з Беласточчыны, Сяргей Календа, Ілля Сін і Сяргей Шупа.

Пачалося цырымонія з хвіліны маўчання ў памяць Пятра Васючэнкі. Спадар Пятро быў сябрам журы Гедройца, але пайшоў з жыцця 25 жніўня.

«Твая «Поўня» ўзышла над Беларуссю сонечна-душэўна», — сказаў пра кнігу Міхала Андрасюка намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. Андрасюк да яго гонару прыехаў з Беластока ў Мінска, а то часам бывае, што намінанты, жывучы ў сталіцы, не прыходзяць на цырымонію. На гэты раз не прыйшлі ў Палац мастацтваў Юлія Шарова і не прыехаў з Прагі супрацоўнік Радыё «Свабода» Сяргей Шупа.

Трэцяе месца абвяшчаў, дарэчы, кіраўнік мінскага офіса Радыё «Свабода» Валянцін Жданко. Лаўрэат атрымае права запісаць сваю аўдыякнігу. «За глыбіню мастацкай дыягностыкі», — так абвясцілі кнігу Алены Брава «Садомская яблыня».

Алена Брава.

Алена Брава.

«Гэта гонар для мяне. Дзякуй усім, дзякуй шаноўнаму журы», — коратка адказала Брава.

Лаўрэату другой прэміі зноў давалі творчую паездку на шведскую выспу Готланд, якая магчымая дзякуючы супрацоўніцтву Саюза пісьменнікаў са скандынаўскімі калегамі. «Будзе іншы намінант, іншы лаўрэат», — пажартаваў кіраўнік пісьменніцкага Саюза Барыс Пятровіч.

«За міфапаэтычную традыцыю», — другое месца здабыў Міхал Андрасюк. «Польшча — гэта адзіная краіна ў свеце, апроч самой Беларусі, дзе можна гаварыць пра беларускую літаратуру. Там выходзіць сотня кніг, пакаленні пісьменнікаў», — сказаў Андрасюк, яго вельмі цёпла прынялі.

Міхал Андрасюк.

Міхал Андрасюк.

Таксама сёлета ўпершыню быў спецпрыз ад нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, сама яна не прыйшла на ўручэнне, яе голасам была старшынька ПЭН-Цэнтра Таццяна Нядбай. Айфон ад Алексіевіч атрымаў Сяргей Календа за кнігу «Часам панкі паміраюць».

Сяргей Календа.

Сяргей Календа.

Пад канец Андрэй Хадановіч назваў лічбу, колькі ж атрымае пераможца — гэта 14 тысяч рублёў. Па старой традыцыі пераможцу называе леташні лаўрэат — на гэты раз ім быў Уладзімір Арлоў.

Мабыць, нечакана для многіх першае месца здабыў Ілля Сін за раман «Лібіда». «Я не маю да гэтага ніякага дачынення», — нібыта вінавата адказаў Ілля.

Ілля Сін.

Ілля Сін.

***

Ілля Сін нарадзіўся ў 1978 годзе ў Мінск. Сапраўднае прозвішча Свірын. Удзельнік руху «Бум-бам-літ». Аўтар кніг «Ільля Сін памёр», «0», «Сапсаваныя лялькі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?