Праз інтэрнэт
З 4 па 18 кастрычніка можна зайсці на сайт перапісу. Тут трэба будзе напісаць свой 14-значны ідэнтыфікацыйны нумар (указваецца на апошняй старонцы пашпарта). Пасля чаго можна будзе запаўняць анкету — ці па-беларуску, ці па-руску.
Можна часткова спрасціць сабе задачу. Калі вы хоць некалі запаўнялі анкету ў адным з беларускіх банкаў, вашы асноўныя персанальныя дадзеныя ўжо ёсць у міжбанкаўскай інфармацыйнай сістэме. Калі вы ўкажаце на сайце перапісу свой асноўны мабільны нумар, некаторыя звесткі падгрузяцца аўтаматычна — імя і прозвішча, дата нараджэння і гэтак далей. Праўда, гэта інфармацыя будзе па-руску.
Далей застанецца адказаць на некалькі дзясяткаў пытанняў.
На стацыянарным участку
Калі вы не хочаце пускаць дахаты перапісчыка, можна прыйсці і перапісацца самому. Па ўсёй Беларусі адкрыюцца больш за 600 стацыянарных участкаў. Гэта школы, інтэрнаты, бібліятэкі і іншыя ўстановы. Іх адрасы і карта тут.
Перапісацца можна на любым участку незалежна ад месца жыхарства з 4 па 30 кастрычніка.
У сябе дома
Тут усё проста. Да ўсіх, хто не пройдзе перапіс у інтэрнэце альбо на ўчастку, з 21 па 30 кастрычніка дахаты прыйдуць валанцёры.
Яны прыйдуць двойчы: спачатку каб дамовіцца на канкрэтны час перапісу, а пасля ўжо з анкетамі.