Дзве жанчыны абвінавацілі амерыканскага акцёра Джэймса Франка і яго партнёраў па школе акцёрскага майстэрства ў сэксуальных дамаганнях. Пра гэта паведаміла ў чацвер газета The New York Times.

Паводле яе звестак, пазоў быў пададзены ў Вярхоўны суд акругі Лос-Анджэлес. Дзве жанчыны Сара Тытэр-Каплан і Тоні Гаал настойваюць, што падчас паступлення ў школу акцёрскага майстэрства Studio 4, дырэктарам і заснавальнікам якой з'яўляецца Франка, яны зазналі сэксуальныя дамаганні з боку самога 41-гадовага акцёра і рэжысёра, а таксама яго калег па цэху.

Жанчыны адзначаюць, што Франка абяцаў ім удзел у фільмах у абмен на ўдзел у праслухоўваннях і здымках, якія маюць сэксуальны характар. Пры гэтым, як падкрэслівае газета, фільмы, пра якія казаў акцёр, так і не выйшлі. Па словах пазоўнікаў, дзеянні акцёра і яго напарнікаў прывялі да таго, што ў школе і за яе межамі ўсталявалася «атмасфера дамаганняў і сэксуальнай эксплуатацыі». Выданне адзначае, што раней у дачыненні Франка ўжо выстаўляліся абвінавачваньні падобнага характару, у тым ліку з боку самой Тытэр-Каплан.

Франка стаў вядомы пасля выхаду ў 1999 годзе серыяла «Хуліганы і батаны» (Freaks and Geeks), у якім сыграў адну з галоўных роляў. Пасля здымаўся ў асноўным у камедыях, таксама ўзяў удзел у супергеройскай трылогіі пра чалавека-павука (2002, 2004 г., 2007 г.) рэжысёра Сэма Рэймі.

За галоўную ролю ў карціне «Джэймс Дын» (2001) рэжысёра Марка Райдэла атрымаў «Залаты глобус». Быў намінаваны на «Оскар» за ролю ў драме «127 гадзін» (127 Hours, 2010). Выступіў рэжысёрам, а таксама сыграў галоўную ролю ў фільме «Гора-творца» (The Disaster Artist, 2017), за якую летась атрымаў свой другі «глобус».

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0