У дзень 150-годдзя Махатмы Гандзі невядомыя людзі выкралі яго парэшткі, паведаміла індыйская паліцыя, піша bbc.com.
Прах быў выкрадзены з мемарыяла ў цэнтральнай частцы краіны, дзе ён захоўваўся з 1948 года - з таго часу, як Гандзі памёр у выніку нападу.
Зламыснікі таксама напісалі на сцяне з яго здымкамі слова «здраднік».
Некаторыя радыкальныя індуісты лічаць Гандзі здраднікам, бо ў свой час ён выступаў за адзінства і прымірэнне індуістаў з мусульманамі - хаця сам быў індуістам.
Гандзі кіраваў Рухам нацыянальнага вызвалення за індыйскую незалежнасць і спавядаў філасофію негвалтоўнасці. Большасць людзей у Індыі па-ранейшаму называюць яго «бацькам нацыі».
У той жа час значная колькасць радыкальных індуістаў лічаць, што яго погляды былі занадта «прамусульманскімі».
Забойства Гандзі ў студзені 1948 г. стала вынікам змовы індуісцкіх экстрэмістаў, якія адмовіліся прыняць яго погляды на мірнае суіснаванне з мусульманамі.
Пасля смерці Гандзі быў крэміраваны, а попел быў выстаўлены ў некалькіх мемарыялах у розных частках Індыі.