© LRPK / Robertas Dačkus

© LRPK / Robertas Dačkus

Прэзідэнты Літвы і Латвіі, што правялі сустрэчу ў Вільні, сышліся ў меркаванні аб неабходнасці патрабаваць захавання стандартаў бяспекі на Астравецкай АЭС, аднак прызналі, што адрозненні ў падыходзе да пытання блакавання імпарту электраэнергіі з гэтай станцыі застаюцца, піша Delfi.lt

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа папярэдзіў, што гэтыя рознагалоссі могуць перашкаджаць адключэнню электрасетак Балтыйскіх краін ад постсавецкай сістэмы і яе сінхранізацыі з ЛЭП Заходняй Еўропы.

«Пытанне Астравецкай АЭС сапраўды балючае, мы трактуем адрозненне пазіцыі па гэтым пытанні як пэўную перашкоду ў рэалізацыі праекта сінхранізацыі», — заявіў Г. Наўседа.

Ён падкрэсліў, што Літва зробіць усе захады для прадухілення доступу беларускай электраэнергіі на літоўскі рынак.

Латвійскі прэзідэнт Эгілс Левітс сказаў, што латвійскі ўрад цалкам ухваляе выстаўленыя Літвой патрабаванні па бяспецы АЭС у Астраўцы, аднак у яго «іншы падыход да тактыкі дасягнення гэтай мэты».

Паводле яго слоў, гэтае пытанне павінна быць вырашана, самае пазней, да 2025 года, калі Балтыйскія краіны плануюць рэалізаваць праект сінхранізацыі ЛЭП. «Такім чынам, гаворка ідзе пра пяцігадовы пераходны перыяд да 2025 года. Адначасова варта старацца як мага хутчэй зменшыць гэтую праблему, на якой у нас розныя меркаванні ў літоўскім і латвійскім урадах», — сказаў Э. Левітс.

«Мы канстатавалі, што ў нас аднолькавыя сумневы і клопаты ў тым, што звязана з бяспекай станцыі. Бяспека на першым месцы. Нашы пазіцыі ідэнтычныя. Вільня ўсяго за 50 кіламетраў, а Даўгаўпілс за 110 кіламетраў, таму ў гэтым выпадку няма вялікай розніцы, урад Латвіі ўважліва сочыць за тым, каб выконваліся пытанні бяспекі», — сказаў латвійскі прэзідэнт.

Чытайце таксама: Міністр замежных справаў Латвіі пацвердзіў, што яго краіна зацікаўленая ў электраэнергіі з беларускай АЭС

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0